Відэа пра «ахвяраванні» на прыпынкі ў Крычаве выдалілі, але збор грошай працягваюць
Старшыня Крычаўскага райвыканкама Аляксей Шарай заклікаў мясцовых жыхароў, прадпрыемствы і арганізацыі фінансава падтрымаць устаноўку новых аўтобусных прыпынкаў. Але пасля крытыкі і абурэння ў інтэрнэце відэа са зваротам выдалілі, а сам чыноўнік раптоўна пайшоў на бальнічны, даведаўся «Белсат».
Аўтобусны прыпынак «новага тыпу» на вуліцы Фрунзе ў Крычаве. Скрыншот: krichevsmi / Telegram
Заклік Шарая быў апублікаваны ў тыктоку праз мясцовую газету. У роліку пазначаўся банкаўскі рахунак для пералічэння сродкаў. У адказ многія карыстальнікі задаліся пытаннем: чаму гэтыя выдаткі не аплачваюцца з бюджэту і дзе падаткі, якія людзі ўжо плацяць?
Нягледзячы на скандал і знікненне відэа, збор сродкаў працягваецца. Як паведамілі журналістам «Белсата» ў выканкаме, грошы збірае мясцовы камунгас, і кожны можа перавесці любую суму «добраахвотна» — з пазнакай, што гэта «на прыпынкі».
Чаму відэа выдалілі — растлумачыць у выканкаме не змаглі. Сам жа кіраўнік раёна цяпер не на працы: кажуць, што ён «на бальнічным».
Чытайце таксама:
Відэа, у якім кіраўнік Крычава прасіў жыхароў ахвяраваць на прыпынкі, выдалілі пасля рэзанансу