БЕЛ Ł РУС

Рутэ: НАТА трэба павялічыць выдаткі на СПА ў пяць разоў

9.06.2025 / 21:50

Nashaniva.com

Генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ, выступаючы ў Лондане заявіў, што краінам-удзельніцам альянсу трэба значна павялічыць свае выдаткі на супрацьпаветраную і супрацьракетную абарону — у пяць разоў, або на 400%. Гэта, паводле яго слоў, неабходна, каб абараніць сябе ад паветраных удараў з боку Расіі, падобных да тых, што яна наносіць ва Украіне.

Марк Рутэ. Фота: AP Photo / Geert Vanden Wijngaert

Рутэ падкрэсліў, што нават калі вайна ва Украіне скончыцца, пагроза з боку Расіі не знікне. Таму НАТА трэба зрабіць «квантавы скачок» у развіцці сваёй абароннай здольнасці. Ён заклікаў альянс стаць «мацнейшым, справядлівейшым і нашмат больш эфектыўным».

У сваёй прамове ў Лондане Рутэ таксама сказаў, што Расія вырабляе ў чатыры разы больш снарадаў, чым увесь НАТА, хаця яе эканоміка ў 25 разоў меншая за сумарны ВУП краін альянсу. Гэта, паводле яго, стала магчымым дзякуючы падтрымцы з боку Кітая, Паўночнай Карэі і Ірана.

Да саміту НАТА, які пройдзе напрыканцы чэрвеня ў Гаазе, чакаецца дамоўленасць аб тым, што краіны будуць выдзяляць да 5% свайго ВУП на абарону. З іх 3,5% пойдуць на тэхніку і армію, яшчэ 1,5% — на інфраструктуру і вайсковую прамысловасць.

Прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў ужо адрэагаваў на гэтыя заявы, назваўшы расійскую пагрозу «эфемернай» і абвінаваціўшы НАТА ў бессэнсоўным марнаванні грошай еўрапейскіх падаткаплатнікаў.

Рутэ таксама выказаў падтрымку спробам прэзідэнта ЗША Дональда Трампа дамагчыся перамір’я ва Украіне і пахваліў яго за аднаўленне дыялогу з Расіяй. Ён заявіў, што вайна можа скончыцца толькі тады, калі Пуцін сам вернецца за стол перамоў і падкрэсліў, што прадстаўнік Крамля Уладзімір Мядзінскі для гэтай ролі непрыдатны.

Чытайце таксама:

Нашчадка эмігрантаў з Беларусі прызначылі галоўнакамандуючым аб'яднаных сілаў НАТА ў Еўропе

Генсак НАТА аб аперацыі СБУ «Павуцінне»: Украіна нацэлілася на здольнасць Расіі атакаваць нявінных грамадзян

Дуда: Расія выдыхаецца, а мы мацнеем. А наконт Украіны ў НАТА я з Наўроцкім пагавару

«Цяпер зброя вайны — клавіятура». Брытанія выдаткуе 1 мільярд фунтаў на мадэрнізацыю кібервойскаў

Каментары да артыкула