У Германіі ацанілі страты Расіі ў выніку спецаперацыі «Павуцінне»
У Германіі заяўляюць, што нядаўняя атака ўкраінскіх беспілотнікаў, вядомая як аперацыя «Павуцінне», магла пашкодзіць каля 10% аб'ектаў стратэгічнай авіяцыі Расіі, піша Reuters.
Фота: Ssu.gov.ua
Генерал-маёр Бундэсвера Крысціян Фройдынг паведаміў, што былі пашкоджаныя больш за дзесяць самалётаў, у тым ліку стратэгічныя бамбавікі Ту-95, Ту-22 і разведвальныя А-50, аналагі сістэм назірання AWACS у НАТА.
Фройдынг адзначыў, што некаторыя з гэтых А-50 больш не падлягаюць рамонту і нават не могуць быць выкарыстаныя на запчасткі — такіх самалётаў у Расіі вельмі мала.
Паводле ацэнак ЗША, беспілотнікі знішчылі да 10 самалётаў і пашкодзілі яшчэ каля 20. Эксперты кажуць, што на аднаўленне такіх страт Расіі спатрэбяцца гады.
Нягледзячы на гэта, Фройдынг не прагназуе неадкладнага скарачэння колькасці расійскіх авіяўдараў па Украіне, бо 90% флоту ўсё яшчэ застаецца ў працоўным стане. Аднак ён падкрэсліў, што цяпер гэтыя самалёты павінны будуць лётаць часцей, што прывядзе да іх больш хуткага зносу, і дадае, што ад атакі будзе значны псіхалагічны эфект.
Генерал таксама адзначыў, што Расія лічыла сябе ў бяспецы на сваёй вялізнай тэрыторыі, таму яе авіяцыя была дрэнна абароненая. Цяпер жа, пасля аперацыі «Павуцінне», сітуацыя зменіцца і Маскве давядзецца ўзмацняць меры бяспекі.
Увогуле НАТА называе гэтую спецаперацыю вельмі паспяховай, хоць прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што гэтыя ўдары, маўляў, далі Расіі падставу для новых масіраваных атак на Украіну.
Чытайце таксама:
З'явілася новае ВІДЭА спецаперацыі СБУ «Павуцінне»: з камеры, замацаванай на самім дроне
Зяленскі расказаў, чыя зброя выкарыстоўвалася ў аперацыі «Павуцінне»
Расія не зможа аднавіць страты дальняй авіяцыі пасля ўкраінскай аперацыі «Павуцінне»
СБУ апублікавала новыя кадры з дронаў, што білі па аэрадромах Расіі. Усё ж А-50 пашкоджаныя таксама