У Нідэрландах восенню пройдуць датэрміновыя выбары
У Нідэрландах 29 кастрычніка адбудуцца датэрміновыя парламенцкія выбары пасля таго, як распалася кааліцыя, якая кіравала краінай менш за год, піша Euronews.
Герт Вілдэрс. Фота: AP
Падставай для крызісу сталі разыходжанні па пытаннях міграцыі. Лідар ультраправых — Герт Вілдэрс, кіраўнік Партыі за свабоду, вывеў сваіх міністраў з урада, бо партнёры адмовіліся прыняць ягоную прапанову значна абмежаваць іміграцыю.
Пасля гэтага прэм’ер-міністр Дзік Схоф падаў у адстаўку. Урад, які праіснаваў толькі 11 месяцаў, стаў адным з самых кароткатэрміновых у гісторыі краіны. Міністарка ўнутраных спраў Юдзіт Уйтэрмарк пацвердзіла дату выбараў.
Раней Вілдэрс патрабаваў ад сваіх калег падпісаць дакумент з 10 пунктамі, сярод якіх — выкарыстанне арміі для аховы межаў і поўная забарона на прыём шукальнікаў прытулку. Калі яны адмовіліся, ён выканаў сваю пагрозу і пакінуў урад, чым выклікаў крытыку з боку іншых палітыкаў. Лідар Народнай партыі за свабоду і дэмакратыю Дзілан Ешылгёз назваў гэтае рашэнне «вельмі безадказным».
Пакуль выбары не адбудуцца, Дзік Схоф працягне выконваць абавязкі прэм’ера ў часовым урадзе. Урад таксама плануе правесці саміт НАТА ў Гаазе, нягледзячы на палітычны крызіс. Схоф падкрэсліў, што нават ва ўмовах часовага кіравання хоча захоўваць кантроль над ключавымі пытаннямі бяспекі, падтрымкай Украіны і эканомікай, у тым ліку на фоне міжнародных гандлёвых напружанняў, звязаных з дзеяннямі адміністрацыі Дональда Трампа.