Чыноўнік заявіў, што моладзь хоча працаваць нармальна — «як рускія»
«Я з узбекістанцамі працаваў. Яны казалі, што рускія ніколі так не будуць працаваць, як мы».
Скрын відэа: CTVBYvideo / YouTube
У праграме «Да! Но…» на СТБ абмяркоўвалі тэму працоўных мігрантаў. Начальнік аддзела Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Мінскага раёна Аляксандр Густыр задаў пытанне наймальнікам:
«Ці сапраўды праблема прыцягнення імігрантаў у тым, што ёсць дэфіцыт кадраў, а не, дапусцім, запыты нашых грамадзян у плане ўмоў працы, заработнай платы, і гэтак далей?»
Намеснік генеральнага дырэктара Аршанскага льнокамбіната па ідэалагічнай рабоце і сацыяльных пытаннях Сяргей Сідзін адказаў яму, што вынікі анкетавання, якія яны праводзяць сярод выпускнікоў школ, паказваюць, што моладзь «хоча быць блогерамі, тыктокерамі, кім заўгодна, але толькі не рабочымі».
Скрын відэа: CTVBYvideo / YouTube
Па яго словах, пасля мадэрнізацыі на швейную фабрыку патрабуецца 250 швачак, але «зараз у горадзе на швачак прыходзіць 25 чалавек у год». У выніку даводзіцца працаваць у адну змену.
Сідзін параўнаў стаўленне да працы розных пакаленняў.
«Людзі (…) больш за 50 гадоў. Вось я прыходжу да іх і кажу, хлопцы, тут з планам трошкі не так, трэба паднаціснуць. Яны кажуць: «Уладзімір Ільіч, выйдзем, што трэба?» Падыходжу да маладога чалавека: «Ну, давай вазьмі паўтары, вазьмі яшчэ адзін бок у прадзільнай машыне. Ну, трэба». «А навошта мне? Мне вось 2,5 тысячы, мне хопіць».
Густыр заўважыў, што «кожны грамадзянін сваёй краіны хоча ў сваёй краіне працаваць у рамках нармальнага графіка». І згадаў досвед працы ў Расіі:
«Вось вы гаворыце пра тое, што трэба шмат вырабляць. Я, дапусцім, за мяжой працаваў, у Расіі. Як рускія на гэта глядзелі? Я з узбекістанцамі працаваў. Я на лініі працаваў механікам. У маім падпарадкаванні было чатыры жыхары з Узбекістана. Яны казалі, што рускія ніколі так не будуць працаваць, як мы.
Але рускія, у сваю чаргу, заяўлялі пра тое, што мы хочам у сваёй краіне працаваць нармальна, з васьмі да пяці, каб у нас былі выходныя, паўнавартасны рэжым адпачынку і сну, і паўнавартаснае сацыяльнае жыццё. Я пра гэта кажу».
На гэта Сяргей Сідзін заўважыў, што наймальнікі не хочуць прыцягваць у Беларусь рабоў.
«Пытанне стаіць не ў тым, што прыезджыя людзі выцесняць нашых у работах, і мы будзем пагаршаць іх стан. Не, мы зробім магчымасць такую, каб гэтыя людзі, якія прыедуць, занялі нашы вакансіі. На многіх прадпрыемствах гэтыя вакансіі вельмі вялікія і доўга не запаўняюцца».
Чытайце таксама:
На дзяржаўным ТБ даводзяць, што мігранты ў Беларусі дысцыплінаваныя, а таксістаў-замежнікаў няшмат