БЕЛ Ł РУС

Рагачоўскі прапагандыст паўгода не можа ўладкавацца на працу

16.05.2025 / 11:28

Nashaniva.com

У рагачоўскую газету Андрэя Шышкіна не бяруць, заўважыў «Флагшток».

«Сёння роўна 6 месяцаў, як я беспрацоўны. На вялікі жаль, усе мае шматлікія спробы працаўладкавацца ў Рагачове пакуль не прынеслі выніку»,

— канстатаваў экс-сенатар, былы галоўны рэдактар газеты «Свабоднае слова» Рагачоўскага райвыканкама Андрэй Шышкін у сваім тэлеграм-канале.

У каментарыях да паста ён адказаў былому калегу Віктару Ільюшчанку, што ў мясцовую газету яго таксама не бяруць — пры тым, што там ёсць вольныя працоўныя месцы.

52-гадовы Шышкін быў галоўным рэдактарам рагачоўскай раённай газеты, членам райвыканкама, старшынёй раённай арганізацыі «Белай Русі», членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу 7-га склікання, дэпутатам «Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі».

Яго апошняе месца працы — газета «Мазырскі нафтаперапрацоўшчык». У лістападзе 2024 года мужчына сышоў адтуль праз «сямейныя абставіны».

У родным Рагачове ён паспрабаваў зарэгістравацца ў якасці беспрацоўнага, але сутыкнуўся з бюракратыяй і раскрытыкаваў дзяржсістэму, піша «Флагшток».

У райвыканкаме затым выказалі сваю пазіцыю, заявіўшы, што прапаноўвалі прапагандысту «прадстаўнічую працу», але той адмовіўся.

Шышкін стаў вядомы ў 2019 годзе тым, што выказваў нянавісць да беларусаў, распаўсюджваў абразы і заклікі да забойства.

Чытайце таксама:

Экс-сенатар і прапагандыст стаў беспрацоўным. Яму прапанавалі вакансіі трактарыста або цырульніка

«Цяпер бегаць за ім прапаноўваць на падносіку?» Райвыканкам абурыўся скаргамі экс-сенатара, які не можа знайсці працу

Каментары да артыкула