БЕЛ Ł РУС

«Пятрухін, просьба не займацца лухтой». Кабанаў пасварыўся з былым сябрам падчас дэбатаў у КР

13.05.2025 / 20:26

Nashaniva.com

Сёння адбыліся анлайн-дэбаты кандыдатаў у спікеры Каардынацыйнай Рады. Не ўсё прайшло гладка.

Сяргей Пятрухін (злева) і Аляксандр Кабанаў. Фота: Скрын відэа TOK_talk / YouTube; «Наша Ніва»

Пасяджэнне Каардынацыйнай рады адбывалася ў жывым эфіры. Кожная з фракцый магла задаць да трох пытанняў да кожнага з кандыдатаў на пасаду.

Паколькі ўсе ўдзельнікі прысутнічалі анлайн, то слова прадстаўлялася таму, хто падняў руку. Мадэратарка, віцэ-спікерка Стася Гліннік спачатку заўважыла, што такіх ахвотных яна не бачыць.

«У мяне ёсць рука. Блок «Воля». Сяргей Пятрухін», — падхапіўся блогер.

Мадэратарка заўважыла, што бачыць дзве рукі ад блоку «Воля», куды ўваходзяць пяць чалавек, у тым ліку і Сяргей Пятрухін, і Аляксандр Кабанаў. Яна спытала:

«Хто з вас будзе спікерам ад фракцыі?»

«Я» — коратка заявіў Пятрухін.

«Спікерам ад фракцыі абраны я. Пятрухін, просьба не займацца лухтой», — тут жа абсёк былога сябра і калегу па «Народным рэпарцёры» Аляксандр Кабанаў.

«Аляксандр, дайце мне сказаць. У мяне падрыхтаваныя пытанні… Не такія, як пра дамафон, ці пра гэты…, што вы там рабілі?», — паспрабаваў аспрэчыць Пятрухін.

Тут у размову давялося ўмяшацца Стасі Гліннік:

«Я думаю, што гэтыя пытанні трэба вырашаць унутры фракцыі».

«Унутры фракцыі мы гэтае пытанне вырашылі», — заўважыў Кабанаў.

«Ну я ж першы руку падняў», — паспрабаваў дабіцца свайго Пятрухін.

У выніку слова было прадстаўлена Аляксандру Кабанаву як кіраўніку фракцыі. Пятрухіну давялося чакаць. Магчыма, яму дазволяць выказацца пазней.

Чытайце таксама:

«Людзі хочуць перамоваў з тымі, хто марыць іх знішчыць фізічна». Гутарка з Аляксандрам Кабанавым пра жыццё, «Белпол» і разыходжанне з Пятрухіным

Пятрухін пра сямейную драму падчас турмы: жонка змяніла прозвішча сабе і сыну

Аляксандр Кныровіч вылучаецца ў спікеры Каардынацыйнай рады

Каментары да артыкула