Аліментшчык і рабочы з адміністратыўкай за п'янства. Стала вядома яшчэ пра двух беларусаў, якія ваююць за «рускі свет»
Выданне «Флагшток» працягвае вывучаць спіс грамадзян Беларусі, прапісаных у Гомельскай вобласці, якія, паводле звестак украінскага праекта «Хачу жыць», паступілі на службу ў расійскую армію.
Васіль Фурманаў. Фота: сацсеткі
Сярод 112-ці ўраджэнцаў Гомельскай вобласці з гэтага спісу — Васіль Фурманаў, які родам з вёскі Рагінь Буда-Кашалёўскага раёна. Прапісаны ён быў у Гомелі, а асноўная частка ягонай кар'еры — рабочы на некалькіх прадпрыемствах. Апошнія месцы працы ў Беларусі — прыватнае прадпрыемства «Інтэртэйпс», якое вырабляе клейкую стужку, і «Гомелькаапдругрэсурсы», якое займаецца прыёмам і скупкай другаснай сыравіны.
З 2015 года афіцыйных месцаў працы Фурманава ў Беларусі няма. Выглядае, што з тых часоў ён перыядычна з'язджаў у Расію, дзе хаваўся, каб не выплачваць аліменты. На старонцы Фурманава ў сацсетцы ёсць каментары, у якіх гаворыцца пра тое, што ён «забыўся» пра сваё дзіця і не плаціць на яго ўтрыманне.
Васіль Фурманаў. Фота: сацсеткі (твар дзіцяці заблюраны «Флагштокам»)
Але ў Беларусі ён усё ж з'яўляўся — за плячыма расійскага найміта ёсць адміністрацыйныя і адна крымінальная справа. Усё гэта — за крадзяжы.
У 2015 годзе Васіль Фурманаў скраў у краме бутэльку гарэлкі, у 2017-м — два кавалкі каўбасы. Яшчэ адна адміністратыўка ёсць за распіццё гарэлкі проста ў краме. А ў 2016 годзе Фурманаў зрабіў спробу крадзяжу кабеля з піларамы ААТ «Рагінь». Раней, у 2014 годзе, падчас працы на «Інтэртэйпс» гамяльчук спрабаваў выкрасці 14 рулонаў стрэйч-плёнкі — за гэта была распачатая крымінальная справа.
Паводле інфармацыі ўкраінскага «Міратворца», Фурманаў паступіў у ПВК «Вагнер». Як мінімум у маі 2023 года ён яшчэ ваяваў — пад Бахмутам. Што з ім цяпер — невядома. У сацсетцы мужчына не з'яўляўся ўжо некалькі гадоў.
Прыклад яшчэ аднаго найміта — Ігар Барнавіцкі са Жлобіна, які таксама, як мяркуецца, жыў у Расіі. У 2024 годзе яго шукалі як зніклага без вестак на тэрыторыі РФ. Паведамлялася, што з лютага 2024 года ягонае месцазнаходжанне невядомае, але на сваю старонку ў сацсетцы ён нядаўна заходзіў.
У Беларусі Барнавіцкі афіцыйна не працаваў з 2020 года. Апошнія пасады — рабочы, кіроўца, экспедытар. У спісе адміністрацыйных спраў на яго — шматлікія парушэнні ПДР, а таксама з'яўленне ў грамадскім месцы ў п'яным выглядзе.
Характэрна, што Барнавіцкі яшчэ ў сярэдзіне 2010-х гадоў трапіў пад уплыў расейскай прапаганды. На сваёй старонцы сацсеткі «Укантакце» ён рэпосціў антыўкраінскія публікацыі крамлёўскіх СМІ.
Чытайце таксама:
«Жэня ў нас ногі страціў». На парад у Мінск прыехалі вагнераўцы-беларусы — расказваем, хто яны
На фронце ва Украіне знік без вестак яшчэ адзін беларус, які паваяваў на баку Расіі месяц
Ваяваць за Расію пайшоў былы палітвязень з Гомеля. У Беларусі ён у спісе «тэрарыстаў»
«Раcтрушчэнне галавы». Сталі вядомыя прычыны смерці беларусаў, якія ваявалі за Расію
За Расію ва Украіне ваююць тысячы наймітаў з як мінімум паўсотні краін свету. Хто яны?