БЕЛ Ł РУС

У Егіпце перакуліўся аўтобус з турыстамі з Беларусі, Расіі і Казахстана

9.05.2025 / 22:40

Nashaniva.com

Паездка ў Егіпет для Аляксандры і яе маладога чалавека ледзь не скончылася трагедыяй. 7 мая пара адправілася на экскурсію з Шарм-эш-Шэйха ў Каір. Але назад яны не даехалі: турыстычны аўтобус, у якім знаходзіліся грамадзяне Беларусі, Расіі і Казахстана, перакуліўся прыкладна ў 100 кіламетрах ад Шарм-эш-Шэйха, піша «Анлайнер».

«Пуцёўку ў Егіпет мы набывалі ў беларускім турагенцтве. Прыляцелі на 12 дзён. Жылі ў пяцізоркавым гатэлі. Вырашылі з маладым чалавекам адправіцца на аднадзённую экскурсію ў Каір. Яе арганізоўвала мясцовая кампанія Joyce Tours — яе супрацоўнікі сустракалі нас на тэрыторыі Егіпта», — успамінае Аляксандра.

Ужо на зваротным шляху ў Шарм-эш-Шэйх у прамежку паміж 21.00 і 23.00 адбылася аварыя. Фотаздымкаў з месца здарэння ў турыстаў не захавалася — многім было не да тэлефонаў.

Аўтобус, паводле папярэдняй інфармацыі, паспрабаваў пазбегнуць лабавога сутыкнення з легкавым аўтамабілем, які вылецеў на сустрэчную паласу. Кіроўца збочыў на ўзбочыну, і аўтобус заваліўся на левы бок.

Па словах Аляксандры, сям'я пасажыраў з легкавіка пацярпела мацней за ўсіх: загінулі мужчына і дзіця. Жанчына і яшчэ адно дзіця былі дастаўлены ў цяжкім стане ў бальніцу. Іх спрабаваў рэанімаваць на месцы малады чалавек Аляксандры — ён па прафесіі доктар.

Сярод пасажыраў аўтобуса сур'ёзна пацярпелі дзве жанчыны — з чэрапна-мазгавымі траўмамі іх шпіталізавалі. Астатнія абышліся ўдарамі, ранкамі і шокам.

«Хуткая прыехала прыкладна праз 15-20 хвілін. Тых, у каго былі не такія сур'ёзныя траўмы, перасадзілі ў іншы аўтобус, удакладнілі, хто хоча ў бальніцу, і адвезлі ў бальніцу ў Шарм-эш-Шэйх. Са мной туды паехалі яшчэ пяць турыстаў з Казахстана. Мне зрабілі рэнтген, КТ, але дыягназ не паставілі. Ведаю толькі, што ў мяне ўдар мяккіх тканак спіны, без пераломаў. Таксама засталіся драпіны і сінякі на руках і нагах. У хлопца — таксама сінякі, ён упаў на мяне падчас аварыі».

З-за шоку і стрэсу Аляксандра не адразу звярнулася ў страхавую кампанію — да таго ж яе заплечнік з полісамі застаўся на месцы здарэння.

Паводле яе слоў, усе выдаткі на абследаванне і лячэнне пакрыла кампанія Joyce Tours — тая, што прадавала экскурсію. Таксама турыстам вярнулі грошы.

«Мы заплацілі 240 даляраў за дваіх, вярнулі 200 даляраў. Папрасілі падпісаць распіску, што да турфірмы я не маю ніякіх прэтэнзій».

Аляксандра ўдакладніла ў гіда, ці адбываліся падобныя выпадкі раней.

«Сказалі, што такое ўжо бывала, але ўсё абыходзілася лёгкімі траўмамі».

Чытайце таксама:

Мальдывы, Занзібар і Італія: куды панесла адпачываць прыхільнікаў Лукашэнкі

Ці хопіць сёлета €2000, каб адпачыць на моры? Што адбываецца з цэнамі на летні адпачынак

Мора за 200 метраў, крэветкі па курсе чорнага рынку. Беларус пажыў у Егіпце, а потым пераехаў у Польшчу

«Не апісаць жаху, які я перажыла ў аэрапорце». Беларусы расказалі, як важна бывае заглядаць ва ўласны пашпарт

Каментары да артыкула