Пакістанцы ўжо працуюць у Беларусі. Відэа з Бабруйску з імі абляцела тыкток
Відэа з бабруйскай крамы, дзе два пакістанцы купляюць лавашы, сабрала амаль паўмільёна праглядаў. Паміж аўтарам відэа і мігрантамі адбылася даволі прыязная гутарка.
Відэа апублікавала мясцовае выданне BOBR.BY. Журналіст сустрэў прыезджых мужчын у краме — яны куплялі лаваш.
Карэспандэнт спытаў, скуль тыя. Мужчыны адказалі, што з Пакістана, працуюць на лесапілцы, у Беларусі ім падабаецца, а на працы яны маюць кантракт у адзін год.
Відэа сабрала амаль тысячу каментароў. Шмат хто пасля яго стаў пісаць, што на відэа — працавітыя, ахайна апранутыя, ветлівыя людзі. Але шмат хто піша, што пакуль баіцца іх. Да таго ж каментатары расчараваныя, што не даведаліся заробкаў пакістанцаў, бо не вераць, што тыя здалёк прыехалі дзеля 500 даляраў.
Ці гэтыя працаўнікі прыехалі пасля заяў Лукашэнкі пра 150 тысяч пакістанцаў, невядома. Па даных МУС, з пачатку года прыехаў 31 працоўны мігрант з Пакістана. У мінулым годзе іх было няшмат — 36 чалавек.
Чытайце таксама:
Лукашэнка апраўдваецца за ідэю з прыездам 150 тысяч пакістанцаў — гэта, каб «захаваць наш народ»
«Чым пакістанцы ў Беларусі адрозніваюцца ад беларусаў у Польшчы?»
Ці расце злачыннасць пасля прыезду імігрантаў? Праверылі на прыкладзе Польшчы
Што значыць прыезд 150 тысяч мігрантаў з Пакістана ў Беларусь: погляд Ігара Тура