Ракета з Емена ўпала на тэрыторыі аэрапорта Бэн-Гурыён у Ізраілі
Балістычная ракета, выпушчаная з Емена, раніцай у нядзелю ўразіла тэрыторыю Ізраіля ў раёне міжнароднага аэрапорта Бэн-Гурыён. Пацярпелі шэсць чалавек. Авіякампаніі адмяняюць рэйсы.
Фота: AP Photo / Ohad Zwigenberg
У Ізраілі ракета хусітаў упала каля аднаго з тэрміналаў аэрапорта Бэн-Гурыён. Па дадзеных мясцовых СМІ, гэта першы выпадак, калі ракета хусітаў дасягнула Цэнтральнага раёна Ізраіля. Яна ўпала ў дзясятках метраў ад дарогі, якая вядзе да тэрмінала.
Прызямлілася ракета на тэрыторыі, дзе размешчаныя стаянкі для аўтобусаў і таксі.
Войска абароны Ізраілю паведаміла аб спробах перахапіць ракету, якія скончыліся няўдала. Аэрапорт на некаторы час прыпыніў працу, аднак пасля аднавіў яе.
Праіранская групоўка «Ансар Ала» (хусіты), якая кантралюе значную частку Емена і валодае арсеналам балістычных ракет, раней ужо неаднаразова запускала ракеты па тэрыторыі Ізраіля, патрабуючы спынення баявых дзеянняў у сектары Газа. Як правіла, гэтыя ракеты збіваюцца сістэмай СПА, піша «Свабода».
Прадстаўнікі хусітаў пасля ўдару па Ізраілі заявілі, што ён прадэманстраваў іх вайсковыя магчымасці. Міністр абароны Ізраілю Ісраэль Кац у сваю чаргу заявіў, што за ўдар рушыць услед «сяміразовая адплата».
Авіякампаніі Lufthansa, United Airlines, Air France, Brussels Airlines, Air India, Air Canada, US Airways, Transavia, Air Europa і WizzAir паведамілі аб прыпыненні палётаў у Ізраіль.