БЕЛ Ł РУС

Венесуэлка, якая працуе на БТ, распавяла, чаму яе сям'я думае, што яна ў Беларусі вельмі багатая. Прычыны вас здзівяць

2.05.2025 / 7:0

Nashaniva.com

Венесуэлка Кайла Пінеда ўжо 10 гадоў жыве ў Беларусі, а апошнія два гады працуе вядучай на БТ. Яна таксама актыўна вядзе тыкток, дзе дзеліцца тым, што яе здзіўляе і ўражвае ў нашай краіне.

Кайла Пінеда. Фота з яе інстаграма

Як жа Кайлу занесла за 10 тысяч кіламетраў ад радзімы? У адным з інтэрв'ю яна распавядала, што прыехала за каханым. Гісторыя сапраўды рамантычная. 13 гадоў таму дзяўчына раптам пабачыла ў адным з кафэ Каракаса прывабнага беларускага хлопца. Пара проста пераглядвалася — а потым кожны пайшоў па сваіх справах.

Але праз тыдзень Кайла нечакана зноў сустрэла замежніка ў тым самым кафэ. На гэты раз маладыя людзі вырашылі ўсё ж пазнаёміцца.

Кайла і Андрэй

Хлопца звалі Андрэй, і ён працаваў юрыстам. А ў Венесуэлу прыехаў, каб Беларусь туды змагла прадаць МАЗы.

Выпадковае знаёмства ператварылася ў сапраўднае каханне. Недзе праз год Кайла адправілася ў Брэст, каб пабачыць бацькоў Андрэя.

Вы здзівіцеся, але больш за ўсё дзяўчыну тады ўразіла яблыня — яна адразу пайшла фатаграфавацца з дрэвам. Бо ў Венесуэле ўсюды растуць манга. А вось яблыкі вельмі рэдкія і дарагія, іх не ўсе могуць сабе дазволіць. Іх звычайна купляюць ці на свята, ці калі чалавек хварэе — каб парадаваць экзотыкай.

У Каракасе Кайла вучылася на журналістку. Дзяўчына добра разумела, што некалі прыйдзе момант, калі Андрэю прыйдзецца вярнуцца ў Беларусь. Але калі гэты дзень надышоў, хлопец прапанаваў ёй паляцець разам.

З аднаго боку, Кайлу пужала тое, што на рускай мове яна ведае ўсяго толькі некалькі слоў. З іншага — у Венесуэле ўжо пачынаўся эканамічны крызіс. На фоне гэтага рашэнне эміграваць выглядала рацыянальна.

Кажа, што адаптавацца на новым месцы было складана — толькі ў Беларусі яна адчула, як моцна можа ўплываць шэрае надвор'е на настрой. Крыху здзіўлялі і беларусы, якія ў адрозненне ад венесуэльцаў не вельмі шчодрыя на ўсмешкі.

У Мінску Кайла паступіла ў МДЛУ. Праз два гады пара пабралася шлюбам.

Доўгі час венесуэлка працавала ў Mediacube — займалася іспанамоўнымі YouTube-каналамі. Потым была праца ў A4 Production. Атрымаўшы неабходны досвед, дзяўчына вырашыла стварыць свой YouTube-канал і назвала яго «ДавайКай». Кайла здымала ролікі пра сябе, пра культуру Венесуэлы, пра сваё бачанне Беларусі. Цяпер на канале 71 тысяча падпісчыкаў.

У 2023 годзе на творчасць Кайлы звярнула ўвагу Белтэлерадыёкампанія. Яе запрасілі стаць адной з вядучых праграмы «Як дома» на «Беларусь 2». У гэтым праекце замежнікі з экзатычных для нас краін ездзяць па розных мясцінах Беларусі, знаёмяцца са славутасцямі, размаўляюць з мясцовымі жыхарамі, спрабуюць гатаваць нацыянальныя стравы, танчыць, а таксама спяваць народныя песні.

У Кайлы таксама ёсць два акаўнты ў тыктоку, на якія агулам падпісана каля 38 тысяч чалавек. Нядаўна дзяўчына распавяла, чаму яе сваякі і сябры ў Венесуэле думаюць, што яна вельмі багата жыве ў Беларусі.

І першая прычына — гэта тое, што Кайла часта купляе вінаград.

— Нягледзячы на тое, што ў Беларусі вінаград імпартны, тут ён таннейшы, чым у Венесуэле. Таму на маёй радзіме ядуць вінаград толькі перад Новым годам, каб загадаць жаданне.

@kay_pine У меня шубы даже нет #кай #fyp #иностранка #венесуэлка #венесуэла #тикток #тиктокбеларусь #tikto #комедия #пародия #смешноевидео #comedyvideo ♬ sonido original - Kay Pineda

Але самае галоўнае, што ўражвае блізкіх Кайлы, — гэта тое, што яна мае ванну ў кватэры. Дзяўчына жартуе, што яна сама, калі ўпершыню прыляцела ў Беларусь і ўбачыла ванну «як у кіно», падумала, што яе хлопец — мільянер.

— Але потым я даведалася, што мець ванну — гэта нармальна. Але ж не для Венесуэлы. Бо ў нас тыя, хто мае ванну, сапраўдныя мільянеры. А ў Беларусі нават сабакі і каты купаюцца ў ванне.

Чытайце таксама:

Венесуэлка з Беларусі выйграла кулінарнае шоу «Бітва шэфаў» у Маскве

Блогерка з Венесуэлы праверыла, ці сапраўды ў Беларусі ідэальна чыста, і прайшлася па вуліцах у белых шкарпэтках

Звычка разувацца, традыцыя хадзіць у госці з ласункамі — што яшчэ здзіўляе дзяўчыну з Венесуэлы, якая жыве ў Беларусі?

Каментары да артыкула