БЕЛ Ł РУС

Бедны, расчараваны — асабліва ў родных — і нікому непатрэбны. Злы дзённік Барадуліна дазваляе зазірнуць унутр генія

2.05.2025 / 22:33

Мікіта Доўнар

«Cтома, роспач, цямночча», — так народны паэт падсумоўваў канцоўку свайго жыцця. У «Дзённіках і запісах» Рыгор Барадулін піша шмат з’едлівага пра беларускую эліту, сваю сям’ю называе вар’ятняй, п’е антыдэпрэсанты, а адзіным сваяком, які яго разумее, лічыць ката Мірона, піша Мікіта Доўнар.

Рыгор Барадулін з жонкай і гасцямі, мінскай моладдзю. Архіўнае фота

10 і 11-ы выпускі «Дзённікаў і запісаў», якія ахопліваюць перыяд з 2003 да 2014 гадоў, выйшлі ў няпросты час — у 2022 годзе (прачытаць іх можна анлайн на «Камунікаце» тут і тут). Мала каму тады было да літаратуры, і барадулінаўскі дзённік практычна не заўважылі. Між тым у ім аўтар лірычнай і духоўнай паэзіі не саромеецца паказаць сябе такім, якім большасць з нас наўрад ці магла сабе яго ўявіць. Ён не пасуе да вобразу маральнага аўтарытэта, якім Барадулін для шмат каго быў. Але пісьменнік гаварыў у дзённіку з самім сабою менавіта так — без прыўкрас, шчыра, часам ажно да болю.

«Усё, што зрабіў, нікому не патрэбна. Безвыйсцёвасць і роспач», — пісаў Барадулін.

Знайсці ў кнізе радасці жыцця таксама можна. Пасля маркотных допісаў паэт дзякуе Богу за чарговы дзень жыцця, шчымліва згадвае маму і з любоўю піша пра Васіля Быкава, якога лічыў самай роднай душой на зямлі. Сілу, як пісаў Барадулін, яму давала яму «крывіцкае слова». Але з кожнай чарговай старонкай чытач усведамляе, што аптымізм у Барадуліна прысутны у гамеапатычных дозах.

Рыгор і Валянціна Барадуліны з дачкой Ілонай і ўнучкай Дамінікай. Фота Сяргея Шапрана

«Ілона — расійскі бомж»

Гэтым выразам Рыгор Барадулін некалькі разоў апісваў сваю адзіную дачку Ілону. Адносіны з ёю гэта, бадай, самая драматычная лінія дзённіка. Кожны раз, калі бацька згадвае пра дачку, то піша ў роспачы: 

«Яшчэ ўчора Ілона закацілася, нахаміла, накляла. Усё мала ў яе ўбухаў. І ў выніку — расійскі бомж».

Дачка Барадуліна была мастачкай. Бацьку яна перажыла ўсяго на пяць гадоў і памерла ў 2019 годзе ў Ізраілі. Іх адносіны былі складанымі. Паэт і яго жонка Валянціна самі выхоўвалі ўнучку Дамініку. Ілона жыла то на іх лецішчы, то ў Пецярбургу — часам у нейкай хіпі-камуне, — то пры канцы жыцця ў Ізраілі. На пахаванні бацькі ў 2014 годзе яе не было. У 2003 годзе Барадулін пісаў, што дома Ілона з’яўлялася толькі па грошы.

«Дрэнны бацька, дрэнна ўсё ў нас. А чаго ж тады ціснешся? Колькі можна трымаць на шыі гэтую сямейку? Яшчэ Бог спагадае. А так хоць ваўком вый. Нідзе ніадкуль. А цэны шалянюць. Не думаў, што гэтак дажываць буду. Толькі слова ратуе. Не ведаю як трымацца, каб не звар'яцець».

У іншым допісе бацька шкадуе дачку, называе «разбэрсанай, загнанай, з сарванымі нэрвамі». Шкадуе, што не здолеў выхаваць яе беларускай, і расчараваны, што ў яе мастацтве няма нічога нацыянальнага. І чарговы раз піша пра яе — «расійскі бомж». Такіх допісаў пра дачку — дзясяткі.

Ілона Барадуліна дзіцем. 1968 год. Фота з Фб Сяргея Панізніка

Пасля смерці Ілоны Уладзімір Някляеў згадваў, што Барадулін стараўся быць для дачкі добрым бацькам. «Яна таксама старалася, але, на жаль, не ўсё ў яе жыцці ўдавалася». Але інакш пра адносіны дачкі і бацькі згадвала жонка паэта Валянціна Барадуліна. Яна памерла ў 2024 годзе, а ў 2015 выйшлі яе «Непрыхарошаныя ўспаміны», дзе жанчына вельмі шчыра расказала пра свае адносіны з мужам. 

«У выхаванні дачкі, а пасля і ўнучкі Дамінікі, Грыша ніякага ўдзелу не браў. Запомнілася толькі, што быў на Камароўцы разам з Ілонай, калі ёй было гады два-тры, дый толькі таму, што я ў гэты час у бальніцы ляжала. А на Камароўцы тады прадавалі малдаўскае віно ў бочках, таму Грыша і хадзіў», — пісала Валянціна Барадуліна.

Студэнт філфака БДУ Рыгор Барадулін. 1955 год. Фота: baradulin.by

Дзяцінства Ілоны выпала на час, калі паэт моцна піў. Як пісала жонка, гэта пачалося яшчэ ў студэнцкія гады, а пасля быў працяг падчас працы ў розных рэдакцыях, дзе алкаголь быў нормай. Кінуў піць Барадулін у сярэдзіне 1970-х, калі лекары напалохалі яго пагрозай смерці. Але на той час Ілона была ўжо падлеткам. Барадулін нідзе не піша пра прычыны кепскіх адносінаў з дачкой.

Някляеў, напрыклад, згадваў, што паэт прысвяціў дачцэ вельмі шмат вершаў. Але як вынікае з успамінаў жонкі, ён не прысвячаў Ілоне іншай, больш важнай рэчы — свайго часу. Піць Барадулін перастаў у 40, калі дачка ўжо сфармавалася як характар. Але бацька ў гэтым адсутнічаў. 

«Даб’е мяне гаспадынька»

Успаміны жонкі Барадуліна займаюць 17 старонак. І на кожнай з іх яна піша пра мужа. У дзённіку Барадуліна больш за 300 старонак. Пра жонку ён згадвае міміходзь, пару разоў, пішучы пра побытавыя справы. Яе як быццам увогуле няма ў ягоным жыцці. А калі ёсць, то толькі для бурчання.

Валянціна Барадуліна з мужам. Архіўнае фота

«Галаўны боль і роспач — неразлучная двойца. Шлюб гэты давядзе мяне. Божа! Дапамажы не звар’яцець! Для Мірона й Дамінікі варта жыць».

Мірон — гэта згаданы ўжо кот паэта, пра яго ён піша часцей і цяплей, чым пра жонку.

Рысік, апошні кот паэта, якога Рыгор Барадулін падабраў у Вушачы і які перажыў паэта. Архіўнае фота

«Так і не пажыў у хаце, дзе разліта ласка, спакой, увага. І сам вінаваты, і кон мой такі. Нічога не паробіш. Разумею, што Валі цяжка. Нельга ў ёй адной шукаць прычыну благаты. І ў сабе самім варта».

Шукаць у кнізе рэфлексій пра памылкі, віну ці адказнасць усяго гэтага — марная справа. Барадулін, калі піша пра «сямейнае пекла», дакарае жонку — «Даб’е мяне гаспадынька». Іншым разам лічыць, што бязладдзе дома — гэта кара за тое, што калісьці піў і рэдка наведваў маму.

Рыгор Барадулін з мамай Акулінай Андрэеўнай. Фота Э. Дамарацкага

Калі меркаваць толькі па ўспамінах, то блізкіх адносін з жонкай ў Барадуліна не было. Хутчэй гаворка ідзе з яго боку пра прывязанасць да жонкі, а з яе боку — пра шкадаванне і ахвяраванне сабой дзеля мужа. Нават калі пазней Валянціна згадвала пра алкагалізм Барадуліна ў маладосці, то вінаваціла ў гэтым і так сябе:

«А мо піў яшчэ таму, што я такая памяркоўная жонка была. Але ж я вырасла ў доме, дзе былі або ўдовы, або старыя дзевы, і думала, што так і трэба, што ва ўсіх сем’ях мужчыны п’юць».

Барадуліны пражылі разам 50 гадоў, але прынамсі, калі меркаваць па дзённіку, то гэта было хучэй жыццё побач, але ніяк не разам. У 2015 годзе Валянціна прызналася ў дзённіку, што зразумела, які яе муж глыбокі чалавек, толькі пасля кнігі духоўных вершаў «Ксты». Але ж гэтая кніга выйшла ажно ў 2005, калі паэту было семдзясят. 

«Я павінна прызнацца, што не думала, што Рыгор — такі глыбокі чалавек і паэт. Мне здавалася, што ён найперш лірычны дый толькі, а калі прачытала ягоныя «Ксты», зразумела, што памылялася. Гэта было для мяне тым больш дзіўна, што Рыгор у апошнія гады не чытаў філасофскія кнігі. Значыцца, я проста недаацэньвала яго…»

Жонка вінаваціла ў гэтым сябе, называла сябе занадта стрыманай, шкадавала, што не хваліла мужа.

«Такі характар у мяне, відаць, ад мамы, бо яна таксама не дужа ласкавая была. Хоць я, канечне, шкадую, дужа шкадую цяпер… Бачачы гэтую маю стрыманасць і няласкавасць, мне яшчэ Акуліна Андрэеўна казала: «Ласкавае цялятка дзвюх матак ссе». Але Рыгора гэта, відаць, задавальняла, ён быў ласкавы за нас абаіх…»

Але паэт, як мы бачым з допісаў у дзённіку, бачыў усё зусім інакш. Яго прыгнятала, што для жонкі, як і для дачкі, беларушчына не была сэнсам існавання.

«А ў хаце няма спакою. Мітрэнга. Мітусня. Лухта. Усё як у жыцці».

Ужо пасля выхаду дзённіка Барадуліна, які жонка не магла не прачытаць, Валянціна пісала, трывала з Барадуліным рэчы, якія іншую жанчыну абавязкова напалохалі б.

«У дадатак у мяне яшчэ такі характар, што я, мусіць, з любым чалавекам ужылася б».

Змагацца з гэтым і нешта мяняць яна не бачыла сэнсу, называла гэта марным. Але пра замужжа з Барадуліным яна ўсё роўна не шкадавала. Шкадавала толькі аб тым, што не нарадзіла другога дзіцяці, калі гэта было магчыма. Яна адмовілася ад такога намеру, бо Барадулін тады піў.

Злева направа: Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, балгарскі пісьменнік Георгі Вылчаў і мастак Барыс Забораў. Фота Wikipedia Commons

«Дамініка як на пенсіі»

Унучку Дамініку Барадулін згадвае некалькі дзясяткаў разоў. Піша пра яе цёпла, з клопатам і са шкадаваннем, што не можа забяспечыць будучыню, бо сам у галечы. Просіць Бога дапамагчы ёй. Перажывае, што яна кепска апранутая, што гадуецца без бацькоў.

«Баліць за Дамініку і Ілону».

Але гэтыя згадкі пакідаюць уражанне механічнасці — прыйшла, паехала, сказала. Дзядуля проста назіральнік за ўнучкай, выглядае, што ў іх не было супольнага часу, супольных забаваў, інтарэсаў. Дамінікай займалася бабуля. Сярод апошніх допісаў дзед толькі канстатуе:

«Дамініка расце хамкай, што ёй павінны. Вучыцца не хоча. У мяне болей сілы няма. Жабрацтва».

Праз два гады паэт запісвае:

«Вырасла нейкае стварэнне, як усе сучасныя дзеці вуліцы. А гэтулькі песцілі. … Дамініка нікуды не пайшла вучыцца. Адчуванне, што галава лопне. Безвыходнасць».

Калі Дамініцы споўнілася 17 гадоў, Барадулін дакарае ўнучку, што яе цікавіць толькі музыка і тусоўкі. Яго нервуе, што яна шмат «балбоча па тэлефоне». Ён прызнаецца, што жыве на валяр'янцы, валідоле і сонных. Марыць уцячы з хаты, нават проста на вуліцу.

«Дамініка не начуе дома. Не робіць і не вучыцца. […]. У людзей сем’і. У людзей дзеці як дзеці, унукі як унукі. А тут нешта незразумелае».

Сям’я не прыносіла Барадуліну радасці, адныя расчараванні. Апошні ўспамін пра ўнучку ў 10-й частцы дзённікаў — з верасня 2006 года:

«Прыехаў дамоў, мае пры тэлевізары. Каб што прыбралі, каб што. Дамініка як на пенсіі».

Пры гэтым, па ўспамінах жонкі Валянціны, сам Барадулін дома рабіў няшмат. Ён пісаў, а яна дбала пра рэшту. Максімум, на што магла разлічваць дома жонка — «нават мог посуд памыць». 

«Па хаце Грыша нічога не рабіў. Пыласос браў у рукі двойчы за жыццё: калі мы першы пыласос набылі і калі другі — ён іх правяраў дый толькі…».

Барадуліна шмат што раздражняла пасля сёмага дзясятка, але сям’я, бадай, найбольш. І жонка гэта таксама бачыла і разумела:

«У маладосці ён быў шустры і вясёлы, а ў старасці стаў поўнай процілегласцю сабе маладому».

Рыгор Барадулін у 2010-я. Архіўнае фота

«Самому сабе чужым зрабіўся»

Барадулін нідзе не хавае свайго расчаравання жыццём, людзьмі, часам, у якім жыве. Гэта самотны да мозга касцей чалавек.

«Нікому ні я, ні тое, што раблю, не трэба. Васіль (Быкаў) пайшоў, і застаўся я зусім адзін».

Рыгор Барадулін. Архіўнае фота

Але ў гэтай самоце ён адначасова знаходзіць і схованку для сябе, піша, што яна мае нейкую асаблівую сілу прывабнасці, што толькі самоце і верыць душа. Паэт быў самотным нягледзячы на тое, што штодзённа ён быў не адзін. Змагацца з самотай Барадуліну дапамагалі паэт Глеб Лабадзенка, журналіст Сяргей Шапран, Генадзь Бураўкін, майстэрня мастакоў «Коўня», куды ён часта наведваўся. Ратавацца ад сваіх страхаў ён спрабаваў паездкамі на родную Ушаччыну, выступамі ў школах. Але гэта давала ўсяго часовую аддушыну. Значна больш у дзённіках роспачы і крыўды. Горычы, што ніхто не чытае.

«Цэлы дзень, як апошні дзень, жыў. Роспач. Часам здаецца, што самому сабе чужым зрабіўся. Вакол чужыя. Відаць, калі палявалі на мамантаў, першачалавекі былі раднейшыя спаміж сабою. Ратуе толькі Пётра».

Пахаванне Рыгора Барадуліна, плошча Незалежнасці, Мінск, 2014 год

«Толькі Бог і Пётра ратуюць»

Пётра Кухарскі — гэта вайсковец-адстаўнік і фітатэрапеўт-самавук, які дапамагаў паэту. Барадулін піша пра яго як пра ратавальніка, збаўцу і, падаецца, апрача маці і Быкава, гэта самая важная асоба ў ягоным тагачасным жыцці. У дзённіку Барадулін піша пра яго больш за 200 разоў.

Кухарскі лячыў народнага паэта зёлкамі і масажамі. Найбольш ад галаўнога болю, на які паэт моцна пакутаваў. Пазней у Барадуліна выявяць хваробу Паркінсона, але нідзе ў дзённіку гэтая хвароба не згадваецца, а фітатэрапеўт шукаў прычыну ў іншым.

Сам 55-гадовы Кухарскі памрэ за год да Барадуліна.

Лекар практычна кіраваў жыццём Барадуліна, казаў, куды хадзіць, а куды не, каб «не стамляцца». Бо ў стоме і нервах ён бачыў прычыну паэтавага стану. Ён раіў Барадуліну, калі пісаць, а калі не пісаць, і якія рашэнні прымаць у розных справах. А Барадулін, як вынікае з запісаў, успрымаў Кухарскага як чалавека незямных моцаў, часта называў яго Графам.

«Толькі Бог і Пётра ратуюць» — пісаў ён пра Кухарскага.

Наколькі Кухарскі быў прафесійным у тым, што рабіў, цяжка сказаць. Сам Барадулін пісаў, што той ставіў яго «на ногі». Значыць, паэт лічыў яго эфектыўным. Але ў дзённіку ёсць і дзіўныя моманты, калі Кухарскі на поўным сур’ёзе ставіць дыягназ Быкаву па тэлефоне. Пісьменнік жыў у той час у Празе і пачаў адчуваць болі ў жываце. Кухарскі тлумачыць, што гэта ад нерваў, ад пераезду з Нямеччыны, ад неўладкаванасці. Ён спадзяецца, што вылечыць Быкава ўдасца замовамі і зёлкамі — настоем з васількоў. Быкаву цалкам сур’ёзна шукалі гэтыя зёлкі іх у Празе, але безвынікова.

«Пётра другія суткі сядзіць дома — вядзьмуе, каб Васіль абышоўся без аперацыі».

Праз некалькі месяцаў у пісьменніка дыягназуюць рак.

Талака ў Вушачы. Моладзь парадкуе падворак на сядзібе Рыгора Барадуліна

«Лагоец пачаў круціць яйцамі»

Шмат месца ў кнізе займаюць ацэнкі іншых: палітыкаў, пісьменнікаў, мастакоў. Часта гэта вельмі жорсткія і суб’ектыўныя абвінавачванні ў несумленнасці, амаральнасці. У адным допісе ён піша, што «нехта прапанаваў паглядзець асабняк Сярэдзіча, які каштуе паўмільёна даляраў». Пасля ён піша, што айца Аляксандра Надсана, «наіўнага й шчырага, пільна пасуць і трасуць руплівыя прафесійныя адраджэнцы й дазволеныя апазіцыянеры».

Выпускнікоў ін'яза ён лічыць агентурай, проста таму, што яны скончылі Інстытут замежных моваў. Піша, што перакладчык Карлас Шэрман на кручку. Дасталося нават мовазнаўцы Але Сакалоўскай, якая была рухавіком вылучэння Барадуліна на Нобелеўскую прэмію. 

«Ала справу з прэміяй ператварыла ў фальварковую камедыю. Клініка. 20 верасня, аўторак. У ПЭН да Лявона Баршчэўскага. Крывіч, арыец, асоба. Аж на душы пасвятлела. Не чую Алінай дураты».

Але калі прэмію далі Архану Памуку, а не Барадуліну, паэт пачаў шукаць вінаватых у беларусах.

«Беларусы паказалі сваю дружнасць есці адзін аднога. Лішні раз. Адразу ведаў, што нічога не будзе. Але хацеў пераканацца ў тым, што ведаў».

Рыгор Барадулін. Фота 2000-х

Асабліва грэбліва Барадулін піша пра кіраўніцтва і супрацоўнікаў Радыё Свабода. Ён вінаваціць іх у тым, што дзеля піяру запрасілі Васіля Быкава з Нямеччыны ў Прагу, не забяспечыўшы яму належных камфортных умоваў. Паводле Барадуліна, гэта рабілася наўмысна напярэдадні сыходу Гавэла з пасады прэзідэнта, каб ён не здолеў дапамагчы Быкаву і каб чэшскія бюракраты ў выніку з’елі Быкава. І ў выніку на гэтым фоне, нібыта, пісьменнік пачаў слабець. Барадулін са 100% перакананнем піша, што за гэтым стаіць КГБ.

«Гэбісты мяне на дух не пераносяць. Лукашуку ў падмогу яшчэ […] Сяргей Шупа. Хоць арганізоўвае мітынгі з лёзунгам: «Свабоду «Свабодзе»!» Свабоду ад гэбістаў. Хай яны спрахнуць. Хай па іх вошы пехатой ходзяць!»

Праўда, калі той жа Лукашук або іншыя супрацоўнікі Свабоды прапанавалі Рыгору Барадуліну зарабіць перадачамі для эфіру РС і выдаць кнігу, ён ахвотна пагадзіўся. «Гэбісты» ужо не заміналі.

Барадулін не ашчаджае і калег па цэху. Ніла Гілевіча ён або проста называе «Лагойскім», або і Гнілам, ці зглуздзелым Нілам. Да яго ў Барадуліна была асаблівая пагарда. Раз ён узгадаў, як Гілевіч «заваліў» на гімн Беларусі «Магутны Божа» і «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», бо спрабаваў праціснуць свой варыянт.

«Мы з Васілём адразу выйшлі з камісіі па гімне, як лагоец пачаў круціць яйцамі», — піша Барадулін.

Рыгор Барадулін і Уладзімір Арлоў. Архіўнае фота

Тагачаснага старшыню ТБМ Алега Трусава і выдаўца Паўла Жука ён называе прафесійнымі беларусамі. Паэта Эдуарда Акуліна называе «глухім на слова»: «Добры малец, але сцыцца». Невядома за што дасталося нават Уладзімеру Арлову.

«Учора пазваніў Уладзя Арлоў. Яму спадабалася публікацыя ў «Нашай ніве». За колькі гадоў нехта пазваніў, што чытаў. Ну й час! Дзякуй цыгану!»

Вершы Броўкі Барадулін называе здзецінелымі, пра рэжысёра Андрэя Курэйчыка: «Перагоніць мо дудараўчыка (драматурга Алеся Дударава) па грошах». Мастака Міколу Купаву — камсамольска-фальклорным дэмакратам. Ці крыўляе прозвішча паэта Дранько-Майсюка на свой капыл — Дранько-Парсюк.

Рыгор Барадулін у 2000-я. Архіўнае фота

«Згубіў я самога сябе»

Паэт, бясспрэчна, разумеў свае слабасці і грахі. У сваіх допісах ён моліць Бога пра дараванне і дзякуе за кожнае імгненне жыцця. Але разам з тым ён не змагаецца з роспаччу, якая яго апанавала.

«Мне ўсё цяжэй быць Барадуліным»

Адкуль ўзялася гэта роспач і чаму яна так моцна накрыла паэта? Нешчаслівае жыццё з жонкай? Параза ў выхаванні дачкі? Дзяржава, якой жывы класік у адначассе стаў непатрэбным? Самазакаханасць? Або атачэнне, у якім ён шмат каго лічыў фальшывымі і кепскімі людзьмі? Азлобленасць на свет? Безграшоўе ў старасці? А можа, усё гэта разам? Невядома. Але ва ўсім гэтым народны паэт шчыра прызнаецца чытачу, не баючыся жорсткай ацэнкі.

«Згубіў я самога сябе. І ўжо, відаць, не знайду. Роспач».

Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін. Фота dziejaslou.by

Дзённікі і запісы. Выпуск 9. 1998—2002 / Рыгор Барадулін; укладанне, прадмова Наталля Давыдзенка. — Смаленск: Інбелкульт, 2020. — 332 с.

Дзённікі і запісы. Выпуск 10. 2003—2006 / Рыгор Барадулін ; укладанне, прадмова Наталлі Давы­дзенка. — Смаленск: Інбелкульт, 2020. — 312 с.

Дзённікі і запісы. Выпуск 11. 2007—2014 / Рыгор Барадулін ; укладанне, прадмова Наталлі Давы­дзенка. — Смаленск: Інбелкульт, 2020. — 328 с.

{DONATE_PAYPAL}

Чытайце таксама:

Валянціна Барадуліна: 53 гады разам з геніем — непрыхарошаныя ўспаміны

10 правілаў жыцця Рыгора Барадуліна

Як Быкаў стаў Быкавым: што зрабіла яго такім, якім ён быў — біяграфія

Уладзімір Караткевіч. Як яму ўдалося застацца несавецкім і не скурвіцца? Ён дорага заплаціў

Іван Шамякін: прававерны камуніст і беларускі патрыёт да мозгу касцей. Алкаголь, ідэйнасць, пасылкі з Масквы: як гэта магло спалучацца?

Рыгор Барадулін. Бацьку

10 вершаў Рыгора Барадуліна

Каментары да артыкула