БЕЛ Ł РУС

Пагадненне аб нетрах паміж Украінай і ЗША могуць падпісаць на працягу сутак

30.04.2025 / 18:13

Nashaniva.com

Прэм'ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль у эфіры адзінага тэлемарафона днём 30 красавіка паведаміў, што ў праекце пагаднення са Злучанымі Штатамі аб карысных выкапнях узгадняюць апошнія дэталі, і дакумент могуць падпісаць у найбліжэйшыя суткі, паведамляе «Украінская праўда».

Дзяніс Шмыгаль. Фота: УНІАН

Кіраўніка ўкраінскага ўрада папрасілі пракаментаваць чуткі ў СМІ пра тое, што пагадненне аб нетрах можа быць падпісанае найбліжэйшым часам. Шмыгаль адказаў, што цяпер Украіна «дапрацоўвае канчатковыя дэталі з нашымі амерыканскімі калегамі» і што першая віцэ-прэм'ер Юлія Свірыдзенка ўжо вылецела ў ЗША.

Паводле яго слоў, гэта будзе «раўнапраўнае добрае міжнароднае пагадненне аб сумесных інвестыцыях у развіццё і аднаўленне Украіны».

«Як толькі будуць дапрацаваныя ўсе канчатковыя дэталі, у найбліжэйшы час, я спадзяюся, на працягу бліжэйшых сутак, пагадненне будзе падпісана. І, адпаведна, мы атрымаем першы крок», — сказаў Шмыгаль.

«Прынцыповыя моманты ўсе ўзгодненыя, урад апрацаваў тэкст пагаднення. Фактычна на гэты момант ўзгадненні асноўных міністэрстваў ужо сабраны, таму ўрад тэхнічна гатовы ў любы момант, як толькі будзе канчатковая інфармацыя ад нашых калегаў з Вашынгтона, зацвердзіць гэтае пагадненне і мы будзем гатовыя да яго падпісання», — дадаў ён.

Дзяніс Шмыгаль дэталізаваў, што пасля таго павінны быць падпісаныя яшчэ два «тэхнічныя» пагадненні — аб стварэнні інвестыцыйнага фонду і яго фінансаванні.

Чытайце таксама:

Расія згодная абмяркоўваць пытанне перадачы ЗША кантролю над Запарожскай АЭС

Стала вядома, пра што маглі размаўляць Зяленскі і Трамп падчас сустрэчы ў Ватыкане

Трамп верыць, што Пуцін хоча спыніць вайну, але дапускае, што той «дурыць яму галаву»

«Шанцы на спыненне агню роўныя нулю». ЗША паведамілі Еўропе, што перамовы з Пуціным зайшлі ў тупік

Каментары да артыкула