БЕЛ Ł РУС

У Белавежскай пушчы палічылі ўсіх зуброў

28.03.2025 / 17:55

Nashaniva.com

У Белавежскай пушчы завяршыліся работы па ўліку зуброў, якія праводзіліся супрацоўнікамі Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» ў студзені-сакавіку, паведамляюць на сайце нацыянальнага парку.

Усяго ўлічана 726 зуброў, 8 з якіх утрымліваюцца ў дэманстрацыйных вальерах. У параўнанні з мінулым 2024 годам папуляцыя павялічылася на 36 галоў.

Улікам была ахопленая ўся тэрыторыя нацыянальнага парку, а таксама землі сумежных землекарыстальнікаў. Пры правядзенні уліку зуброў вызначалася не толькі колькасць жывёл, але і структура папуляцыі па полу і ўзросце. У вялікіх статках зуброў (больш за 50 асобін) улік праводзіўся з выкарыстаннем квадракоптара і фотаапарата з даўгафокусным аб'ектывам.

Па выніках уліку устаноўлена, што дарослых самцоў (старэйшых за 3,5 гадоў) зарэгістравана 132 асобіны, дарослых самак — 378, маладняку (1,5-3,5 года) — 127, цялят 2024 года нараджэння — 89.

У зімовы перыяд зубры рэгістраваліся на тэрыторыі Свіслацкага, Пружанскага і Камянецкага раёнаў.

Чытайце таксама:

«Наганяе адчуванне смерці і безвыходнасці, хочацца найхутчэй пакінуць». Беларускі запісалі дзіўны дыялог турыста ў Белавежскай пушчы

У Башкартастан завязуць яшчэ 18 беларускіх зуброў

Белавежская пушча прадала трох зуброў у Татарстан

У Белавежскай пушчы паказалі, якія жывёлы трапляюць у ФОТАпастку

Каментары да артыкула