Літовец перасякаў Ціхі акіян на вёсельнай лодцы, каб стаць першым у свеце такім чалавекам
І ля берагоў Аўстраліі трапіў у шторм. Яго выратавалі вайскоўцы ВМС Аўстраліі.
Фота: Joint operation command
Аўрымас Моцкус планаваў у адзіночку пераплыць Ціхі акіян на сваёй лодцы Kuršis, стартаваўшы з Сан-Дыега (ЗША) і фінішаваўшы ў Брысбене (Аўстралія), піша Delfi.lt.
Калі б гэтае падарожжа завяршылася паспяхова, ён стаў бы першым чалавекам у свеце, які пераадолеў Ціхі акіян у адзіночку на лодцы без дапамогі. На шлях меркавалася затраціць 6—8 месяцаў.
Каманда Моцкуса паведаміла, што 2 сакавіка а 23-й гадзіне (па літоўскім часе) стала вядома, што падарожнік быў знойдзены і ўзняты на борт ваеннага карабля. На судне яго агледзелі медыкі, якія пацвердзілі, што сур’ёзных траўмаў ён не атрымаў.
Што здарылася з яго лодкай, пакуль невядома. У найбліжэйшы час Моцкуса даставяць у Брысбен.