БЕЛ Ł РУС

Двух беларусаў і літоўца затрымалі ў Італіі са скрадзеным Ferrari

22.02.2025 / 8:57

Nashaniva.com

Прычым раскошную машыну выкрадалі двойчы.

Ferrari F8 Tributo. Ілюстрацыйнае фота. Wikimedia Commons

У Італіі затрымалі двух беларусаў і літоўца са скрадзеным Ferrari F8 Tributo, паведамляе «Беларусь і свет» са спасылкай на мясцовую паліцыю.

Гэты раскошны спартовы купэ, які належаў швейцарцу, быў выкрадзены ў Швейцарыі 28 жніўня 2023 года. Службы парадку выявілі яго ў снежні 2024 года на паркоўцы казіно ў Манака і заблакавалі колы.

Аднак у ноч на 13 лютага 2025 года тры невядомыя асобы з закрытымі тварамі ўварваліся на паркоўку, зламалі блакіратар і зноў скралі аўтамабіль.

Праваахоўнікі, выкарыстоўваючы сістэму адсочвання GPS, ужо раніцай 13 лютага 2025 года ўсталявалі месцазнаходжанне Ferrari — аэрапорт Мальпенса ў Італіі за 40 кіламетраў ад Мілана. І сапраўды, спартовы купэ з прымацаванымі да яго фальшывымі аўстрыйскімі нумарамі быў знойдзены на падземнай паркоўцы тэрмінала 1.

Далейшае следства выявіла, што а 04:40 таго дня на паркоўку ў выкрадзеным Ferrari і яшчэ адным аўтамабілі з французскімі нумарамі прыехалі тры асобы.

Прыкладна а 18:00 мужчыны вярнуліся і селі ў транспартныя сродкі, каб ад'ехаць, але былі затрыманыя аператыўнікамі.

Затрыманыя аказаліся беларусы ва ўзросце 26 і 37 гадоў, а таксама літовец 37 гадоў.

Што тычыцца Ferrari, была распачата працэдура канфіскацыі. Таксама падчас агляду аўтамабіля з французскімі нумарамі было канфіскавана мноства інструментаў і прадметаў, прыдатных для ўзлому, у тым ліку працуючая ад акумулятараў «балгарка».

Што тычыцца замежнікаў, было распачата следства па справе, абвінавачваюць іх у набыцці і захоўванні здабытага злачынным шляхам аўтамабілем. Аднак іх не пакінулі пад вартай.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула