БЕЛ Ł РУС

Былога сенатара і дырэктара найбуйнейшага ў Беларусі вытворцы будматэрыялаў судзяць за разгалошванне службовай тайны

19.02.2025 / 20:29

Nashaniva.com

Апошнія гады Уладзімір Кісялёў узначальваў «Краснасельскбудматэрыялы». Пра яго адстаўку дзяржаўныя СМІ не паведамлялі. Кісялёву пагражае да трох гадоў калоніі.

Уладзімір Кісялёў. Фота: Volkovysknews.by

Уладзіміру Кісялёву 66 гадоў. Ён родам з вёскі Харкаўка Чавускага раёна Магілёўскай вобласці. Па адукацыі ён інжынер-механік.

Зорка Кісялёва ўзышла ў 1999 годзе. Тады яго паставілі дырэктарам Беларускага цэментнага заводу ў Касцюковічах. Гэта буйное прадпрыемства, якое пачалі будаваць яшчэ за савецкімі часамі, а ўвялі ў строй ужо пры Лукашэнку.

У 2008-2012 Кісялёў быў паралельна сенатарам у Савеце Рэспублікі.

Уладзімір Кісялёў. Фота: cementby.by

У 2012 яго прызначылі старшынём Касцюковіцкага райвыканкама, у 2014 — першым намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама.

Пасля Кісялёва вярнулі ў будаўнічую сферу. Лукашэнка аб'яднаў усе тры цэментныя заводы — Касцюковіцкі, Крычаўскі і Краснасельскі (пад Ваўкавыскам) — і паставіў яго кіраваць холдынгам. Кісялёў займаў пасаду ў 2014-2019.

Цэментная галіна перажывала розныя часы — былі і карупцыйныя крымінальныя справы, і фінансавыя страты, і часовыя поспехі. Агулам жа можна канстатаваць, што буйны праект так і не стаў лакаматывам эканомікі.

У чэрвені 2022 года адбыўся трэці ўваход Кісялёва ў цэментны бізнэс. Яго прызначылі на пасаду дырэктара «Краснасельскбудматэрыялаў», найбуйнейшага вытворцы будаўнічых матэрыялаў у Беларусі.

Яшчэ летам 2024 ён быў пазначаны на сайце прадпрыемства як генеральны дырэктар і раздаваў каментары. Неўзабаве ён знік. Па звыклай практыцы дзяржаўныя СМІ нічога не паведамлялі пра затрыманне Кісялёва, яго імя проста цішком сцёрлі з сайта «Краснасельскбудматэрыялаў».

Як высветлілася, на дырэктара завялі крымінальную справу. Закрыты суд над Уладзімірам Кісялёвым пачнецца 24 лютага 2025 года ў Гродзенскім абласным судзе. Яго абвінавачваюць па адносна лёгкім артыкуле — «наўмыснае разгалошванне службовай тайны» (ч. 1 арт. 375 КК). Што за тайна і каму яе раскрыў Кісялёў — невядома. Яму можа пагражаць ад штрафа да трох гадоў пазбаўлення волі.

Адметна, што паўгода назад у Мінску збіраліся судзіць дырэктара філіяла аднаго з іншых цэментных заводаў. Па меркаванні сілавікоў, у 2021-2023 ён набраў хабараў і нанёс прадпрыемству шкоды больш чым на 200 тысяч рублёў. Таму дырэктару пагражала ад 5 да 20 гадоў зняволення. 

Уладзімір Кісялёў па цэнтры. Фота: btnb.by

Чытайце таксама:

«Цяпер бегаць за ім прапаноўваць на падносіку?» Райвыканкам абурыўся скаргамі экс-сенатара, які не можа знайсці працу

Стала вядома, дзе цяпер працуе былы высокапастаўлены губазікавец Ціхіня, якога абвінавачвалі ў карупцыі

Кіраўнік «Белмедтэхнікі», у гаражы якога КДБ знайшоў $620 тысяч хабару, вызваліўся з калоніі і ўладкаваўся на новую працу

Каментары да артыкула