У Гомелі за сэксуальны гвалт судзяць ідэолага каледжа
На 6 лютага ў судзе Чыгуначнага раёна Гомеля прызначаны пачатак працэсу за гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару (арт. 167 ч. 3 КК Беларусі). У гэтым абвінавачваецца Алег Сахін, які, як высветліў «Флагшток», працаваў у Гомельскім дзяржаўным каледжы бытавога абслугоўвання.
Алег Сахін пры наведванні «Рускага дома» ў Гомелі. Фота: сацсеткі
Паводле звестак «Кіберпартызан», толькі адзін гамяльчук мае персанальныя даныя, названыя ў раскладзе суда. На старонцы каледжа ў сацсетцы засталіся згадкі Сахіна як аўтара тэкстаў аб выхаваўчай працы з навучэнцамі, у асноўным — работы па так званым «патрыятычным выхаванні».
Сахін пісаў справаздачы пра ўдзел моладзі каледжа ў ідэалагічных мерапрыемствах. Апошняя такая справаздача з'явілася 18 верасня — пра святкаванне «Дня народнага адзінства». З тых часоў Сахін больш не згадваўся ў пабліку каледжа, свае старонкі ў сацсетцы ён таксама не абнаўляў.
У інфармацыі пра сябе Алег Сахін пазначаў месца працы — каледж бытавога абслугоўвання, адзначаючы, што ён жанаты.
Сутнасць абвінавачвання невядомая — працэс праходзіць у закрытым рэжыме.
У Крымінальным кодэксе гаворыцца пра тое, што частка 3 названага артыкула выстаўляецца за «дзеянні, учыненыя ў дачыненні да заведама малалетняга (малалетняй), альбо якія пацягнулі па неасцярожнасці смерць пацярпелага (пацярпелай), альбо прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, альбо заражэнне ВІЧ, альбо іншыя цяжкія наступствы».
Санкцыя артыкула прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад васьмі да пятнаццаці гадоў.
Чытайце таксама:
Спынілі справу аб сэксуальным гвалце супраць Мэрыліна Мэнсана
У Рагачове тры школьніцы збілі 11-гадовага хлопчыка, сцягнулі з яго трусы і імітавалі сэкс
Гвалт і прымус да БДСМ. Ніла Геймана абвінавацілі ў сэксуальных злачынствах