БЕЛ Ł РУС

У Швецыі асудзілі мужчыну, які п'яны кіраваў дронам. Такое ўпершыню ў гісторыі

31.01.2025 / 10:00

Nashaniva.com

55-гадовога мужчыну з маленькім беспілотнікам арыштавалі на фестывалі класічных аўтамабіляў у шведскім горадзе Рэтвік. Яго п'яныя паводзіны, як бы гэта іранічна ні гучала, паліцыя заўважыла дзякуючы дрону. 

Ілюстрацыйная выява беспілотніка. Фота: belstu.by

У Швецыі вынесены першы прысуд за кіраванне дронам у стане алкагольнага ап’янення. 55-гадовы мужчына быў прызнаны вінаватым за палёт дрона падчас фестывалю класічных аўтамабіляў у шведскім горадзе Рэтвік, дзе выкарыстанне беспілотнікаў было часова забаронена, піша выданне The Guardian. 

Паліцыя заўважыла дрон мужчыны падчас выкарыстання ўласнага дрона для маніторынгу мерапрыемства. Падчас праверкі паліцыянты выявілі ў крыві парушальніка 0,69 праміле алкаголю, што вышэй за дапушчальныя паказчыкі (згодна са шведскім заканадаўствам, караецца ўтрыманне алкаголю ў крыві вышэй за 0,2 праміле, а 1 праміле лічыцца сур’ёзным парушэннем).

Спачатку мужчына прызнаў, што кіраваў прыладай, але пазней адмовіўся ад сваіх словаў і абвінаваціў у п'яным кіраваннем дрона свайго сябра, які адсутнічаў на фестывалі. Суд не прыняў гэтае тлумачэнне і прызначыў штраф у памеры 32 тысяч шведскіх крон (каля 9500 беларускіх рублёў), які мужчына павінен выплаціць на працягу 80 дзён часткамі, піша The Guardian.

Мясцовая пракуратура адзначыла, што хоць і не сустракалася раней з такімі выпадкамі, але цалкам задаволена прысудам. У той жа час старшыня акруговага суда Карын Хельмант патлумачыла, што пры вынясенні вердыкту прымянялася тая ж шкала пакарання, што і пры кіраванні аўтамабілем у нецвярозым стане. 

«Гэта лятаючы апарат. Нягледзячы на тое, што ён рухаецца быццам самастойна, ім кіруе чалавек, які знаходзіцца на зямлі. Дрон можа ўпасці з вялікай вышыні і нанесці шкоду людзям ці маёмасці», — падкрэсліла Хельмант.

Падобны вердыкт стаў першым прэцэдэнтам у свеце, нягледзячы на тое, што заканадаўствы некалькіх краін (напрыклад, тая ж Швецыя, Японія ці ЗША) з нядаўняга часу сталі забараняць кіраванне дронамі ў стане алкагольнага ап'янення.

Чытайце таксама:

Канцэпт сферычнага дрона стаў сенсацыяй

Астраномы адкрылі новы астэроід. А пасля аказалася, што гэта аўтамабіль, які лятае ў космасе

Ніякага 21 дня. Абвергнуты самы папулярны міф пра звычкі

Каментары да артыкула