БЕЛ Ł РУС

Адэсіт, які перажыў Халакост, параўнаў у Бундэстагу Гітлера і Пуціна

29.01.2025 / 19:57

Nashaniva.com

88-гадовы жыхар Адэсы Раман Шварцман, выступаючы ў нямецкім Бундэстагу, правёў паралелі паміж расійскім уварваннем ва Украіну і Другой сусветнай вайной, паведамляе Deutsche Welle.

Раман Шварцман у Бундэстагу. Фота: Michael Kappeler/picture alliance via Getty Images

Жыхар Адэсы, які перажыў Халакост, у прамове перад Бундэстагам параўнаў расійскую ваенную агрэсію супраць ягонай краіны, з варварскімі злачынствамі нацыстаў падчас Другой сусветнай вайны.

«У тыя часы мяне спрабаваў забіць Гітлер, паколькі я яўрэй. Цяпер Пуцін спрабуе забіць мяне, таму што я ўкраінец», — заявіў Раман Шварцман, выступаючы ў нямецкім парламенце на пасяджэнні ў памяць ахвяр нацыянал-сацыялізму 29 студзеня.

Адначасова Шварцман заклікаў Германію павялічыць вайсковую падтрымку Украіны.

«Я заклікаю вас — узбройце нас, каб Пуцін скончыў гэтую вайну на знішчэнне», — заклікаў 88-гадовы ўкраінец, асабліва адзначыўшы патрэбу Украіны ў ракетах вялікай далёкасці.

Па словах Шварцмана, цяперашнія пакаленні павінны прыкласці намаганні, «каб ніхто больш не адчуваў пакут і катаванняў», гэта іх гістарычны і маральны абавязак.

«Сёння мы павінны зноў зрабіць усё магчымае, каб пакласці канец варварству», — падкрэсліў ён.

Раман Шварцман з'яўляецца старшынёй Адэскай рэгіянальнай асацыяцыі яўрэяў і прадстаўляе ахвяр Халакосту. Ва ўзросце 5 гадоў ён трапіў у Бершадскае гета ў Вінніцкай вобласці. З ягоных слоў, ён і праз 80 гадоў яшчэ памятае знявагі, боль і пастаянны голад у гета.

Пасля прамовы Шварцмана дэпутаты апладзіравалі яму стоячы. Федэральны прэзідэнт Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер падзякаваў госцю за тое, што змог прыехаць у Берлін, і адзначыў гэта як гонар для прысутных. 

Чытайце таксама:

Ілан Маск выступіў на перадвыбарным мерапрыемстве «Альтэрнатывы для Германіі»

Ціханоўская заявіла пра неабходнасць шанавання памяці ахвяраў генацыду

«Пляваць я хацеў на гэты Захад». Галасаванне Лукашэнкі пачалося з двух праколаў. А вось якія заявы ён зрабіў

У Мінску цалкам знеслі будынак Гістарычнай майстэрні на месцы былога гета ФОТА

Каментары да артыкула