Па палітычных артыкулах будуць судзіць прадпрымальніка з Петрыкава
На 4 лютага ў Гомельскім абласным судзе запланаваны пачатак судовага пасяджэння для разгляду крымінальнай справы супраць Аляксандра Яворскага. Яго вінавацяць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса — ч. 1 артыкула 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варажнечы) і ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), піша «Гомельская вясна».
Аляксандр Яворскі
Пра Аляксандра Яворскага вядома, што ён з Петрыкава, дзе займаўся прадпрымальніцкай дзейнасцю ў сферы гандлю харчовымі прадуктамі, напоямі і тытунём, валодаў крамай «Салеман».
У кастрычніку 2020 года ён далучыўся да агульнанацыянальнага страйку, абвешчанага Святланай Ціханоўскай, і нават запісаў з гэтай нагоды відэазварот. Адна з дзяржаўных прапагандысцкіх газетаў тады яшчэ са здзекам цытавала ягоныя словы з таго відэа: «Не маю намеру сілкаваць падаткамі і адлічэннямі рэжым».
Судзіць петрыкаўскага прадпрымальніка будзе судзя Яўген Ерафееў, зусім нядаўна прызначаны на пасаду суддзі абласнога суда. Раней ён быў суддзёй раённага суда ў Жлобіне. Суд будзе праходзіць у закрытым рэжыме.
Чытайце таксама:
КДБ уключыў Вольгу Брыцікаву ў спіс тэрарыстаў
У Чашніках ужо пяты раз за два месяцы судзілі спартоўца-аматара Канстанціна Чарнова