БЕЛ Ł РУС

У Грузіі за паўтара года сем грамадзян Беларусі скончылі жыццё самагубствам

16.01.2025 / 23:8

Nashaniva.com

Сем грамадзян Беларусі — пяць мужчын і дзве жанчыны — добраахвотна развіталіся з жыццём са студзеня 2023 года да чэрвеня 2024 года ў Грузіі, сведчыць праведзены выданнем «Позірк» аналіз звестак грузінскага МУС.

Батумі, сталіца Аджарыі. Фота ілюстрацыйнае 

У 2023 годзе праз суіцыд пайшлі з жыцця чатыры беларусы: мужчыны 27 і 31 года (абодва — у Аджарыі), жанчыны 27 і 80 гадоў (у Тбілісі і рэгіёне Самегрэла — Верхняя Сванетыя адпаведна). Акрамя таго, у Аджарыі спрабавала здзейсніць суіцыд 25-гадовая грамадзянка Беларусі.

У першай палове 2024 года ў Аджарыі суіцыд здзейснілі 32-гадовы і два 23-гадовыя мужчыны.

На сайце МУС Грузіі ёсць статыстыка самагубстваў за апошнія сем з паловай гадоў. У 2017 і 2018 гадах грамадзянства самагубцаў не ўказвалася, у 2019—2022 гадах беларусаў сярод іх не было (у статыстыцы за 2021 год грамадзянства трох чалавек не пазначана).

«Гэта нямала», — коратка пракаментаваў «Позірку» статыстыку самагубстваў беларускі праваабаронца Раман Кісляк, які жыве ў Грузіі. Паводле яго, ніякіх звестак пра суайчыннікаў, якія добраахвотна пайшлі з жыцця, ён не мае, іхнія сваякі да яго не звярталіся.

«Да 2021 года тут было няшмат беларусаў. Масавы пераезд пачаўся ў красавіку 2021 года, калі людзі ратаваліся ад пераследу на радзіме», — адзначыў Кісляк.

Паводле інфармацыі мясцовых уладаў, цяпер у Грузіі знаходзіцца каля 12 тысяч грамадзян Беларусі. За апошнія два гады іх стала на 3 тысячы менш. У гэтай краіне не выдаюць пашпартоў іншаземца людзям, у якіх заканчваецца тэрмін дзеяння нацыянальных дакументаў, а ўсе просьбы аб палітычным прытулку, падаваныя беларусамі, мясцовымі ўладамі адхіляюцца

Чытайце таксама:

У Тбілісі зачыняецца беларуская прастора Kropka

Праз тры гады змагання за свае правы першай сям’і беларусаў у Грузіі канчаткова адмовілі ў прытулку

«Байсол» гатовы да працы па эвакуацыі беларусаў з Грузіі

«У Грузіі няма зацэментаванай аўтарытарнай дзяржавы з жорсткай вертыкаллю». Беларус расказаў, у чым спецыфіка грузінскіх пратэстаў

За пяць гадоў абароны ў Грузіі папрасіла больш за 70 беларусаў, тром дзясяткам ужо адмовілі

Польшча ўвяла «асаблівыя меры» для выдачы гуманітарных віз беларусам у Грузіі

Каментары да артыкула