БЕЛ Ł РУС

Махляры скралі фатаграфію беларуса і цяпер з дапамогай яго партрэту разводзяць на грошы жанчын у Расіі

16.12.2024 / 19:49

Nashaniva.com

Маркетолаг Аляксандр Дземідовіч расказаў, што яго фотаздымкі і некаторыя дэталі з біяграфіі выкарыстоўваюць у Расіі, каб разводзіць жанчын на грошы. Сам ён даведаўся пра гэта ад знаёмых. Сума выкрадзенага ўжо перавысіла $100 тысяч.

Махляры пішуць жанчынам у тэлеграме ці ў сацыяльных сетках з мэтай пазнаёміцца. Паступова, калі дыялог выходзіць на даверлівы ўзровень, як бы між радкоў расказваюць, што цікавяцца інвестыцыямі і прапаноўваюць навучыцца ўкладаць у крыптавалюту і гандляваць на біржы.

Скрыншоты: x.com/ohanastas

Сяброўка адной з пацярпелых жанчын пакрокава распавяла, як нейкі Сяргей — са знешнасцю і цікаўнасцямі беларуса Аляксандра Дземідовіча — за пару месяцаў зрабіў так, што па яго інструкцыях пацярпелая прадала сваю машыну і ўлезла ў пазыкі амаль на сто тысяч даляраў.

Махляр даслаў жанчыне фотаздымак Аляксандра Дземідовіча, выдаючы яго за свой партрэт

Усё гэта рабілася пад выглядам клопату махляра пра жанчыну, якую ён «пакахаў» і таму хацеў навучыць яе зарабляць грошы на біржы.

Важна адзначыць, што махляр вёў з жанчынай не толькі перапіску, але і сазвоньваўся, у тым ліку з відэа. Праўда, на відэа з жанчынай размаўляў штучна згенераваны інтэлект, пра што яна не здагадалася, бо не была знаёмая з нюансамі тэхналогіі, а таксама моцна закахалася ў «Сяргея Андропава», візуалізуючы іх хуткую сустрэчу (якая зрывалася па прычыне таго, што ў яго «захрас» нейкі важны груз) і шчаслівую будучыню разам.

Сяргей перастаў адказваць «каханай», як толькі яна прадала сваю машыну, каб павялічыць чарговую стаўку. Яе рахунак рэзка замарозілі. Для разблакіроўкі патрабаваліся чарговыя грошы — жанчына іх унесла, але нібыта дапусціла памылку ў адрасе кашалька, і ўсе яе назапашванні зніклі з рахунку. Біржа зноў патрабавала грошы за тэхнічную паслугу, каб вярнуць сродкі. Сяргей жа папросту знік, і толькі тады жанчына зразумела, што стала ахвярай махляроў.

Скрыншоты: x.com/ohanastas

Колькі ўсяго жанчын сталі ахвярамі такога разводу, невядома, але некалькі расіянак ужо падалі калектыўную скаргу ў паліцыю. Большасць з іх — самотныя кабеты, якія верылі, што сустрэлі таго самага.

Аляксандр Дземідовіч распавёў «Нашай Ніве», што некалькі ахвяр знайшлі яго сапраўдную старонку, каб выгаварыцца:

«Яны знайшлі мой профіль, каб падзяліцца сваім болем. Ведаеце, адна з іх настолькі закахалася [ў вобраз, створаны махляром], што нават пачала маляваць партрэты. Гэта вельмі сумна, што ашуканцы так лёгка выкарыстоўваюць дэградацыю расійскага грамадства і падзенне становішча жанчын у грамадстве ў Расіі. Я мяркую, мой кейс не адзіны».

Усім, хто шукае прынца ці прынцэсу анлайн, Аляксандр настойліва рэкамендуе карыстацца функцыяй пошуку чалавека па фота, каб дакладна разумець, што перад вамі не фэйк.

Чытайце таксама:

Беларус Арцём запусціў у Польшчы збор на дапамогу сабе. Многія паверылі, а ён аказаўся махляром

«Самы час адмыць грахі». Баранавіцкі завод парашкоў зрабіў сэксуальную калабарацыю

«На яго 250 рублёў я жыла шыкоўнае жыццё. А яму не хапае!» Мінчанка спрачаецца з былым мужам пра аліменты

У свецкіх лэдзі Мінска спыталі, што яны хацелі б у падарунак ад мужа

Каментары да артыкула