Прэтэндэнт у прэзідэнты Аляксандр Хіжняк расказаў, што трапіў у 2020 годзе ў «Чорную кнігу»
Старшыня Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці (РППС) Аляксандр Хіжняк расказаў Tochka.by пра некаторыя факты сваёй біяграфіі і як ідзе збор подпісаў.
Фота: Tochka.by
Пасля выбараў-2020, калі палітык кіраваў выбаркамам, яго сям'я сутыкнулася з цкаваннем, наракае ён. Таму вылучэнне ў прэзідэнты абмяркоўвалася і ў хатнім коле.
«Адзінае пытанне, якое сям'я задала: не будзе так, як тады?» — узгадвае кіраўнік партыі.
У 2020 годзе звесткі Аляксандра і яго блізкіх былі злітыя ў сетку, і ён стаў ахвярай інфармацыйнай атакі.
«Я быў у ўсіх «чорных кнігах» [уносіліся людзі, замяшаныя ў рэпрэсіях, гвалце, фальсіфікацыях і даносах — НН] і на ўласнай скуры адчуў, што такое булінг. Але я ніколі не здымаў дэпутацкі значок, у адрозненне ад тых, хто ў 2020 годзе баяўся з ім выйсці ў краму», — заяўляе ён.
Зараз Хіжняк збірае подпісы ў падтрымку сваёй кандыдатуры. Аднак, паводле яго слоў, гэта значна складаней, чым у мінулыя разы, бо многія людзі, падпісваючыся за таго ці іншага кандыдата ў 2020 годзе, рызыкавалі страціць працу ці патрапіць у «забароненыя» спісы.
Аляксандр кіруе калектывам у «БелНДІградбудзе», дзе працуе каля 150 чалавек, з якіх амаль палова — моладзь. Як сцвярджае Хіжняк, яму не даводзілася звальняць супрацоўнікаў «за палітыку» ці за подпісы. Тым не менш, калі ў калектыве пачалі адчуваць «трэнд на разбурэнне», ён лічыў неабходным пагаварыць з калегамі.
«У нас на прадпрыемстве не было затрыманняў, «сутак» і «сініх азадкаў». Але я разбіраўся з кожным. Тыя, хто хацеў сысці, абапіраючыся на свае перакананні, непаразуменне ці немагчымасць «жыць у гэтай дзяржаве», гэты выбар зрабілі і сышлі. Па артыкуле я нікога не звольніў. У калектыве мы гэтую старонку перагарнулі», — пераконвае ён.
Падчас выбараў-2020 Хіжняк кіраваў раённай выбарчай камісіяй у Фрунзенскім раёне Мінска. У яго ўваходзяць і станцыя метро «Пушкінская», і Каменная Горка — адны з ачагоў пратэстаў.
Кіраўніцтва РППС на наступны дзень выступіла з рэзкай крытыкай выбараў і заклікала правесці новыя.
Гэтая пазіцыя не была ўзгоднена з актывам, сцвярджае Аляксандр Хіжняк.
Частка рэгіянальных ячэек адразу ж замарозіла свой удзел «да высвятлення сітуацыі». У выніку ў партыі адбыўся раскол. У снежні 2020 года адбыўся з'езд, старшыня Васіль Задняпраны быў выключаны з шэрагаў арганізацыі.
Чытайце таксама:
Канапацкая сцвярджае, што яе каманда збірае ў дзень мінімум па чатыры тысячы подпісаў
Шумчанку, якога не ўзялі кіроўцам на «хуткую», паклікалі кіраваць штабам Канапацкай