БЕЛ Ł РУС

Генпракурор Швед абмеркаваў у Арменіі пытанне выдачы беларусаў па запытах рэжыму

3.10.2024 / 21:21

Nashaniva.com

Прэс-служба Генеральнай пракуратуры паведаміла, што яе кіраўнік Андрэй Швед падчас сустрэчы ў Ерэване са сваёй армянскай калегай Ганнай Вардапецян падняў пытанне выдачы ў Беларусь яе грамадзян, абвінавачаных і асуджаных па крымінальных справах.

Фота: Генпракуратура

Падкрэсліваецца, што бакі «абмеркавалі пытанні аказання ўзаемнай прававой дапамогі па крымінальных справах».

У сваю чаргу, Генпракуратура Арменіі ў сваім паведамленні аб размовах са Шведам на гэтым аспекце акцэнту не рабіла.

«Ганна Вардапецян і Андрэй Швед абмеркавалі шэраг пытанняў, якія ўяўляюць узаемную цікавасць», — гаворыцца ў яе рэлізе.

Швед прыехаў у Ерэван у складзе беларускай дэлегацыі для ўдзелу ў 34-м пасяджэнні Каардынацыйнай рады генеральных пракурораў краін СНД.

Апошнім часам, пасля пагаршэння палітычных адносін з Расіяй і Беларуссю, Арменія адмаўляецца выдаваць рэжыму Лукашэнкі грамадзян Беларусі, у крымінальным абвінавачанні якіх на радзіме ёсць палітычны падтэкст. Хоць некалькі беларусаў цягам апошняга года затрымліваліся ў Арменіі праз запыты беларускай Генпракуратуры, іх не толькі не выдавалі ў Беларусь, але і надавалі ў выпадку патрэбы палітычны прытулак.

Чытайце таксама:

Нікол Пашынян заявіў пра гатоўнасць неадкладна падпісаць мірную дамову з Азербайджанам

Лапшын мяркуе, што ініцыятарам яго затрымання ў Арменіі стаў пасол Канюк

У Ерэване па беларускім запыце затрымлівалі блогера Александра Лапшына

У Арменіі заявілі пра прадухіленне дзяржаўнага перавароту. Сляды вядуць у Расію

Пашынян: АДКБ стварае пагрозы для бяспекі Арменіі

Беларуска Дзіяна Маісеенка, затрыманая ў Арменіі за ўдзел у пратэстах-2020, ужо на волі

Каментары да артыкула