Шрайбман патлумачыў, навошта катуюць Калеснікаву і Бабарыку
«Кожны ўмоўны вяртухай не бачыць сэнсу браць на сябе адказнасць за нейкую мяккасць».
Віктар Бабарыка і Марыя Калеснікава. Фота: «Наша Ніва»
У новым выпуску ютуб-праекту «Гадзіннічак цікае» яго аўтар Жэня Сугак задалася пытаннем, за што ўлады катуюць Віктара Бабарыку, Марыю Калеснікаву і іншых палітвязняў.
«Вы ўжо ўзялі людзей у палон, пазбавілі іх свабоды, перавярнулі жыццё. Навошта вы яшчэ з іх здзекуецеся? Прычым гэта робіць не асабіста Лукашэнка. Гэта робяць работнікі турмаў, начальнікі калоній, людзі, якія там працуюць. Навошта? Чаму ў іх няма кроплі спачування і эмпатыі для таго, каб проста не здзекавацца з людзей?»
Разважаючы над гэтым пытаннем, Арцём Шрайбман заўважыў, што ў цяперашняй сітуацыі «не заўсёды ёсць нейкая злая воля ў фармаце «паздзекуйцеся вось з гэтага чалавека».
На яго думку, шмат у якіх выпадках гэта «механіка працы машыны», у якой быў загад стварыць такія ўмовы, калі некалькі гадоў назад для топавых палітвязняў увялі рэжым інкамунікада.
Арцём Шрайбман. Скрын відэа: chasiki_ / YouTube
«І ні ў каго рука не падымецца адмяніць гэты загад па ўласнай волі ці змякчыць умовы, якія былі калісьці прадыктаваныя зверху для ўсіх самых галоўных палітычных. А далей кожны ўмоўны вяртухай не бачыць сэнсу браць на сябе адказнасць за нейкую мяккасць. «А чаму я павінен?»
Аналітык не выключае і фактару існаванне садыстаў на месцах, але лічыць, што ў большасці людзі думаюць «а навошта? У мяне ёсць рэжым максімальнай нецярпімасці да гэтых людзей. Чаму я буду даваць нейкія паблажкі, за што мне можа прыляцець?».
«Таму што ты таксама чалавек», — заўважыла Сугак.
«Калі ты таксама чалавек, то ты б у гэтай сістэме доўга не пратрымаўся», — упэўнены Шрайбман.
Чытайце таксама:
«Сур'ёзна схуднеў, важыць, напэўна, кілаграм 80». Былы палітвязень пра Віктара Бабарыку