Крыўдна, што з вуснаў Папы гучаць вялікадзяржаўныя ідэі Расіі — МЗС Украіны
У МЗС Украіны выказалі шкадаванне ў сувязі з нядаўнай заявай папы Францішка.
25 жніўня тэлемост звязаў Расію і Ватыкан. Удзельнікі Усерасійскай сустрэчы каталіцкай моладзі змаглі пагутарыць з Папам Францішкам. Фота: vaticannews.va
Пра гэта ў сваім каментары ў панядзелак заявіў спікер МЗС Украіны Алег Нікаленка, піша «Еўрапейская праўда».
Нікаленка прывёў цытату з выступу Францыска перад удзельнікамі Х Усерасійскага дня каталіцкай моладзі ў Санкт-Пецярбургу 25 жніўня.
«Ніколі не забывайце пра спадчыну. Вы — нашчадкі вялікай Расіі: вялікай Расіі святых, кіраўнікоў, вялікай Расіі Пятра І, Кацярыны II, той імперыі — вялікай, адукаванай, вялікай культуры і вялікай чалавечнасці. Ніколі не адмаўляйцеся ад гэтай спадчыны. Вы — нашчадкі вялікай Матухны Расіі, крочце наперад з гэтым. І дзякуй вам — дзякуй за ваш спосаб быць, за ваш спосаб быць рускімі», — працытаваў словы Францішка Нікаленка.
Характэрна, што інфармацыйны партал Апостальскай Сталіцы Vatican News выклаў тэкст звароту Папы на сваім сайце, аднак паказаны пасаж у ім адсутнічае. У той жа час у сеціве ёсць відэаўрывак звароту Папы з гэтай цытатай.
Нікаленка зазначыў, што «менавіта такой імперыялістычнай прапагандай, «духоўнымі змацаваннямі» і «патрэбнасцю» ў выратаванні «вялікай Матухны Расіі» Крэмль апраўдвае забойствы тысяч украінцаў і ўкраінак і знішчэнне соцень украінскіх гарадоў і вёсак».
«Вельмі крыўдна, што расійскія вялікадзяржаўныя ідэі, якія, уласна, і з'яўляюцца прычынай хранічнай агрэсіўнасці Расіі, свядома ці несвядома, гучаць з вуснаў Папы, місія якога, у нашым разуменні, якраз палягае ў тым, каб адкрыць вочы расійскай моладзі на разбуральны курс цяперашняга расійскага кіраўніцтва», — пракаментаваў прадстаўнік МЗС Украіны.
Раней у ліпені Папа Францішак заклікаў Расію аднавіць Чарнаморскую збожжавую ініцыятыву, звярнуўшыся да «сваіх братоў — уладаў Расійскай Федэрацыі».
Чытайце таксама:
Папа Францыск: Патрыярх не павінен ператварацца ў служку Пуціна
Папа Францішак заклікаў Расію аднавіць удзел у збожжавай угодзе
Папа Францішак напрошваецца на сустрэчу з Патрыярхам Кірылам
Папа Францішак назваў гэту беларускую жанчыну святой. Расказваем, хто гэта