БЕЛ Ł РУС

Айцішнікаў, якія з’ехалі, клічуць у камісію па занятасці расказаць пра сваю «цяжкую жыццёвую сітуацыю»

19.04.2023 / 13:34

Nashaniva.com

Айцішнікам-рэлакантам сталі прыходзіць «лісты шчасця» з рэкамендацыямі звярнуцца ў камісію занятасці, каб пацвердзіць, што яны працуюць. Або можна расказаць пра сваю «цяжкую жыццёвую сітуацыю», аформіцца рамеснікамі, перавучыцца — з гарантыяй працаўладкавання, піша dev.by.

Адзін з адрасатаў — у мінулым выкладчык БДУ. Яму давялося разарваць кантракт з ВНУ і звольніцца «праз тое, што зверху спусцілі спісы непажаданых супрацоўнікаў».

Ад жніўня мінулага года малады чалавек жыве за мяжой. Днямі на ягоны беларускі адрас прыйшоў ліст. У ім гаворыцца, што камітэт па працы Мінгарвыканкама прапаноўвае яму «перанавучанне і гарантаванае працаўладкаванне». 

— Губляюся ў здагадках, як яны б выконвалі гэтыя гарантыі, калі б я хадзіў да працадаўцаў з характарыстыкай з ранейшага месца працы, у якім я ў спісах непажаданых, — напісаў чытач.

Ён растлумачыў, што ў 2022 годзе падчас працаўладкавання ў БДУ ў кандыдатаў прасілі характарыстыкі з папярэдняга месца працы.

«І людзі смяяліся, што ў калегі, які не быў удзельнікам пратэстаў, было пазначана штосьці накшталт «можа сказаць слова ўпоперак начальству». 

Іншы атрымальнік рассылкі — дызайнер, не жыве ў Беларусі ўжо 3 гады. На пачатку тыдня ягоныя бацькі забралі з паштовай скрыні па месцы прапіскі ліст «з рэкамендацыяй аформіцца як рамеснік і плаціць падатак». Малады чалавек жартуе, што яму спецыяльна прапанавалі «мяккую» форму фінансавання эканомікі, бо на іншую ён не пагодзіцца — бо даўно ўжо не ў краіне. 

Але наогул ён мяркуе, што ўсё прасцей — проста «спусцілі план па працаўладкаванні дармаедаў».

Тэсціроўшчыца, якая з’ехала ў Літву год таму і цяпер сядзіць на бэнчы, таксама атрымала ліст з рэкамендацыяй звярнуцца ў дармаедскую камісію — і расказаць пра «цяжкую жыццёвую сітуацыю». 

— О, я б расказала, — жартуе дзяўчына. — Нават цікава, што мне маглі б прапанаваць, улічваючы, што ў маёй кампаніі конкурс на праект — пад 100 чалавек. 

— Ліст прыйшоў літаральна сёння, — напісаў яшчэ адзін чытач. — Я патэлефанаваў па нумарах, напісаных у лісце, мяне пазначылі як незанятага ў эканоміцы.

Чамусьці папярэдзілі пра магчымыя праблемы на мяжы, бо гэтую базу бачыць памежны камітэт. Выразнага адказу, чаму ў мяне будуць праблемы і якія, не далі. Сказалі: «Усё так мяняецца штодня». 

Малады чалавек у размове ўдакладніў, што жыве ў Турцыі, ён мае дазвол на жыхарства. Тады голас на іншым канцы трубкі заўважыў: калі ёсць дазвол, то праблем, здаецца, і «не мае быць». 

Яшчэ адзін чытач, атрымаўшы «ліст шчасця» адправіў на пошту, пазначаную ў ім, працоўную дамову (ён аформлены на працу ў Расіі, але жыве ў іншай краіне). 

— Адказалі, што ўсё добра. І калі зноў прыйдзе ліст, мне варта дзейнічаць па той жа схеме. Калі на руках працоўная дамова ў краіне ЕАЭС, то я не ўважаюся за дармаеда.

А яшчэ аднаму чытачу прыйшла СМС на ягоны беларускі нумар (мабільны аператар — A1) з рэкамендацыяй звярнуцца ў камісію занятасці.

Даведка. Згодна з пастановай Саўміна № 166, ад сакавіка мінулага года беларусы, якія выехалі па-за межы Беларусі на тэрмін большы за 30 дзён і не занятыя ў эканоміцы, абавязаныя аплачваць жыллёва-камунальныя паслугі ў поўным аб’ёме. Выключэнне — калі чалавек, які з’ехаў, працуе ў краінах ЕАЭС, то-бок у Расіі, Казахстане, Кыргызстане або Арменіі (калі працуеш у ЕС, то ўсё роўна лічышся дармаедам).

Калі рэлакант не з’яўляецца ўласнікам жытла, патрабаванне аплачваць «камуналку» напоўніцу на яго не распаўсюджваецца.

Калі ж ён уласнік, але пражывае не адзін, — то ў поўным аб’ёме ён плаціць толькі за сваю долю — прынамсі, так тлумачаць чыноўнікі.

Чытайце таксама:

«За пустую кватэру заплаціў пад 190 рублёў, не працаваў нават халадзільнік». Беларускія дальнабойшчыкі ў шоку ад сваіх жыровак 

У Браслаўскім раёне ў базу «дармаедаў» унеслі 10% насельніцтва

«Не працуюць, а сацпаслугі атрымліваюць, як усе. Несправядліва» — Лукашэнка зноў узяўся за «дармаедаў»

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула