Лукашэнка — міліцыі: У Мінску не павінна быць больш ніякіх беспарадкаў
Такое даручэнне ён даў сёння МУС на пасяджэнні Рады бяспекі, піша БелТА.
«У Мінску не павінна быць больш ніякіх беспарадкаў. Людзі стаміліся, людзі патрабуюць міру і цішыні», — падкрэсліў Лукашэнка.
Ён адзначыў, што, з аднаго боку, і добра, што беларусы адчулі, што яны могуць страціць. «Але, слухайце, ёсць мора людзей, пераважная большасць якіх прывыклі жыць у спакойнай краіне. І мы гэтую спакойную краіну павінны ім вярнуць», — заявіў ён.
«Калі нехта ў СМІ — АНТ, БТ, яшчэ дзесьці — хочуць пабаставаць, выйсці і потым зноў вярнуцца, такога шанцу ў іх быць не павінна. Сышлі — ідзіце. Але абараніць калектывы трэба. І гэта наша сёння задача. Яна актуальная», — дадаў Лукашэнка.
Камітэту дзяржаўнай бяспекі Аляксандр Лукашэнка даручыў выяўляць і спыняць дзеянні арганізатараў вулічных беспарадкаў, выкрываць каналы фінансавання беспарадкаў у Беларусі. «Як бы ні было складана, мы павінны працягваць гэтую працу і працаваць па максімуму», — падкрэсліў Лукашэнка.