БЕЛ Ł РУС

На наваполацкім «Паліміры» здарыўся пажар

18.06.2016 / 18:01

Буйное ўзгаранне здарылася днём 18 чэрвеня на наваполацкім ААТ «Палімір».

Як паведамілі ў Наваполацкім гарадскім аддзеле МНС, інфармацыя пра здарэнне паступіла ў 13.12. Адбывалася факельнае гарэнне, вышыня факела складала каля 4 метраў на этажэрцы газаразмеркавання вышынёй 30 метраў корпуса № 305 цэха № 104. Пажар быў лакалізаваны ў 14.22.

vk.com/polotskpeople

«Пагрозы здароўю жыхароў горада і тых, хто знаходзіцца на заводзе, няма. Сітуацыя пад кантролем», — падкрэслілі ў МНС.

Інфармацыю пра выбух, які папярэднічаў узгаранню, у МНС пакуль не пацвярджаюць. Між тым, як паведамляюць у сацсетках, выбуховую хвалю адчулі адпачывальнікі на возеры Люхава і ў дамах, што непадалёк.

Варта зазначыць, што ў канцы красавіка на «Паліміры» здарыўся выкід этылену, пацярпелых не было.

vk.com/polotskpeople

«Палімір» — буйное хімічнае прадпрыемства, якое вырабляе поліэтылен, акрылавае валакно, прадукты арганічнага сінтэзу і вуглевадародных фракцый. Экспартуе прадукцыю ў Расію, Украіну, Германію, Фінляндыю, Польшчу, Іран, Венгрыю, Балгарыю, Кітай і іншыя краіны.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула