Румас: «Фанаты? У навінах жа не пішуць, што краму абрабаваў, скажам, член БРСМ ці былы міліцыянер»
Кіраўнік Беларускай федэрацыі футбола Сяргей Румас на цырымоніі закрыцця футбольнага сезону «Зорны мяч» падзяліўся меркаваннем пра тое, што ў навінах аб правапарушэннях па-ранейшаму згадваюць, што яны здзейсненыя фанатамі, піша Прессбол.
Фота Вадзіма Заміроўскага, Tut.by
«Мы разам з Сяргеем Сафар'янам [намеснік старшыні БФФ — НН] асабіста сустракаліся з міністрам МУС і, думаю, знайшлі паразуменне па пытанні ўзаемаадносін міліцыі і фанатаў. Апошнія навіны аб правапарушэннях, дзе згадваецца, што яны здзейсненыя фанатамі? Трэба яшчэ раз падняць гэтае пытанне. Але наогул лічу так: не пішуць бо, што краму абрабаваў, скажам, член БРСМ або былы міліцыянт», — сказаў С. Румас.
***
Нагадаем, што на прэс-канферэнцыі 30 лістапада Сяргей Сафар'ян, каментуючы вынікі сустрэчы кіраўніцтва БФФ і МУС, сказаў, што міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч даў даручэнне падначаленым не ўзгадваць прыналежнасць грамадзян да фанацкіх груповак, калі іх правапарушэнні не звязаныя са спартыўнымі мерапрыемствамі.
Згадка ў міліцэйскіх зводках прыналежнасці правапарушальнікаў да фанацкага руху пачасцілася пасля нашумелага інцыдэнту на адборачным матчы футбольнага чэмпіянату Еўропы 2016 паміж зборнымі Беларусі і Македоніі 12 кастрычніка. Тады тры заўзятары былі затрыманыя за шалікі з гістарычным гербам «Пагоня». Міліцыя ж сцвярджала, што фанаты былі п'яныя і не падпарадкоўваліся законным патрабаванням праваахоўнікаў.
«Ідзе правапарушэнне або злачынства, абавязкова пішацца: гэта — фанат. Міністр даў адпаведнае даручэнне. Калі правапарушэнне не звязана з футбольнымі, хакейнымі, гандбольнымі і іншымі матчамі, а здзейснена ў побыце або грамадскім месцы, не мае ніякага значэння, ці з'яўляецца чалавек фанатам», - сказаў 30 лістапада Сяргей Сафар'ян.