Плошчу ля амбасады КНР у Вашынгтоне хочуць назваць у гонар кітайскага дысідэнта
Амерыканскія заканадаўцы прапанавалі прысвоіць плошчы імя кітайскага праваабаронцы Лю Сяабо.
Дысідэнт адбывае ў сябе на радзіме турэмнае зняволенне за «падбухторванне да падрыву дзяржаўнага ладу».
Адпаведная ініцыятыва была адобраная на пасяджэнні камітэта па асігнаванні Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША, як перадае ІТАР-ТАСС. Для ўступлення ў сілу неабходна адабрэнне новаўвядзення поўным складам Палаты прадстаўнікоў, Сенатам і адміністрацыяй Барака Абамы.
Прысваенне плошчы імя праваабаронцы, хутчэй за ўсё, выкліча пратэсты з боку афіцыйнага Пекіна. Такая рэакцыя цалкам чаканая, улічваючы той факт, што тры з паловай гады таму КНР прыпыніла ўрадавыя кантакты з Нарвегіяй з-за рашэнні нарвежскага Нобелеўскага камітэта прысудзіць дысідэнту Сяабо прэмію міру ў 2010 годзе «за яго доўгую і негвалтоўную барацьбу за асноўныя правы чалавека ў Кітаі», піша NEWSru.com.
Кітайскі праваабаронца ў снежні 2009 года быў асуджаны на 11 гадоў турэмнага зняволення ў КНР. Паводле афіцыйных паведамленняў, Сяабо абвінавачваўся ў «распаўсюдзе антыўрадавых чутак» і «арганізацыі дзейнасці, накіраванай на звяржэнне цяперашняга ўрада».
Гэта ўжо не першы выпадак у гісторыі амерыканскай сталіцы, калі палітыка ўмешваецца ў тапаніміку і гарадскія вуліцы атрымліваюць імёны тых ці іншых грамадскіх дзеячаў.
Напрыклад, у 1980-я гады ўлады ЗША назвалі невялікую плошчу перад былой амбасадай СССР у Вашынгтоне імем выдатнага вучонага і праваабаронцы Андрэя Сахарава, які тады лічыўся савецкімі ўладамі дысідэнтам.
Зараз у гэтым будынку знаходзіцца рэзідэнцыя расійскага пасла, а асбасада РФ з тых часоў пераехала ў вялікі комплекс у іншым раёне.