БЕЛ Ł РУС

25 жніўня 1991 года Беларусь здабыла незалежнасць

25.08.2012 / 10:19

Вярхоўны Савет надаў Дэкларацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статус канстытуцыйнага закону.

25 жніўня 1991-га былі юрыдычна замацаваныя вынікі змаганьня пакаленьняў за незалежнасьць — Вярхоўны Савет надаў Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статус канстытуцыйнага закону.

Людзі на плошчы, 25 жніўня 1991 г.

Пачатак надзвычайнай сэсіі ВС 24 жніўня 1991 г. Са сьцягам - Валянцін Голубеў, Зянон Пазьняк, Вольга Галубовіч.

Сэсія была скліканая на патрабаваньне дэпутатаў Апазыцыі БНФ, да якіх далучыліся іншыя дэмакратычныя дэпутаты (усяго за скліканьне сэсіі выказалася 84 дэпутаты), і працавала 24–25 жніўня. Прэзыдыюм ВС прапанаваў павестку дня з двух пунктаў — «Аб бягучым моманце» і «Аб саюзным дагаворы», апазыцыя БНФ унесла пакет прапаноў, сярод якіх былі галоўнымі абвяшчэньне незалежнасьці, пытаньне аб адказнасьці кіраўніцтва ВС за бязьдзеяньне ў дні путчу, аб забароне КПБ-КПСС, аб стварэньні ўласнага войска.

Перад пачаткам сэсіі група дэпутатаў БНФ дамаглася прадстаўленьня прамога тэлеэфіру і зьвярнулася да жыхароў Менску з заклікам прыходзіць на плошчу перад Домам ураду. На плошчы сабраліся тысячы людзей.

У выніку, камуністычная большасьць была вымушаная пагадзіцца з большасьцю прапаноў дэпутатаў БНФ. Старшыня ВС Мікалай Дземянцей падаў у адстаўку, дзейнасьць КПБ-КПСС была прыпыненая. Нарэшце, Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР быў нададзены статус канстытуцыйнага закону — Беларусь юрыдычна зрабілася незалежнай дзяржавай.

​​Ужо праз некалькі дзён пачаўся працэс прызнаньня Беларусі краінамі сьвету — так, у пачатку верасьня газэта «Свабода» паведаміла, што Польшча прызнала Беларусь як незалежную дзяржаву.

Праз некалькі тыдняў, у верасьні 91-га, Вярхоўны Савет прыняў рашэньне аб назове краіны (замест БССР — Рэспубліка Беларусь) і наданьні бел-чырвона-беламу сьцягу і гербу «Пагоня» статусу дзяржаўных сымбаляў.

«Мы зь вялікім шанаваньнем павінны памятаць і адзначаць усе падзеі, зьвязаныя са змаганьнем і сцьвярджэньнем нашае дзяржаўнае незалежнасьці, — мяркуе тагачасны старшыня Апазыцыі БНФ Зянон Пазьняк. — Гэта найперш 25 Сакавіка 1918 года, сьвята, якое мы адзначаем як Дзень Волі і аб’яўленьне незалежнасьці БНР. Гэта 27 ліпеня 1990 года — дзень аб’яўленьня Дэклярацыі аб незалежнасьці БССР, якая была прынятая Вярхоўным Саветам у выніку ўдалага выкарыстаньня гарбачоўскай палітыкі і дзякуючы найперш рацыянальнай і ахвярнай барацьбе дэпутатаў Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце.

Гэта нарэшце — вянец усіх падзей — дасягненьне рэальнай незалежнасьці Беларусі 25 Жніўня 1991 года».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула