БЕЛ Ł РУС

Выбух на «Пінскдрэве»: галоўны абвінавачаны схаваўся ад следства

10.01.2012 / 10:24

10 студзеня ў Пінску пасля двухтыднёвага перапынку працягнуўся разгляд крымінальнай справы па выбуху на СТАА «Пінскдрэў-ДСП».
Працэс праходзіць у адсутнасці галоўнага фігуранта гэтай вытворча-крымінальнай драмы — былы гендырэктар ЗАТ «ХК «Пінскдрэў» Ларан Арыніч схаваўся ад следства.

Нагадаем, трагедыя здарылася 25 кастрычніка 2010 каля 13.00. Выбух адбыўся на ўчастку па вытворчасці драўняных паліўных гранул. Пацярпеў 21 працаўнік прадпрыемства: 2 чалавекі загінулі на месцы, яшчэ 12 памерлі ў бальніцах Пінска, Брэста і Мінска. Пяцёра пацярпелых засталіся інвалідамі. Шкода склала амаль 4 мільярды рублёў.

У дзень трагедыі пракуратура Пінска распачала крымінальную справу па частцы 2 артыкула 302 КК РБ («Парушэнне правілаў бяспекі на выбухованебяспечным прадпрыемстве што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека з прычыненнем шкоды ў асабліва буйным памеры»). Крыху пазней гэтая крымінальная справа была прынятая да вытворчасці і канчаткова расследаваная Генеральнай пракуратурай. Яна налічвае 56 тамоў.

Судовы працэс пачаўся 13 снежня 2011. Справа слухаецца Брэсцкім абласным судом, перад якім у якасці абвінавачаных паўсталі былы галоўны інжынер ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў» Уладзімір Шастакоў, былы дырэктар СТАА «Пінскдрэў-ДСП» Леанід Логвін і былы галоўны інжынер гэтага ж прадпрыемства Ігар Логвін. Леанід Логвін абвінавачваецца па частцы 2 артыкула 428 («Службовая халатнасць», санкцыя — да 5 гадоў пазбаўлення волі), двум іншым інкрымінавалася частка 3 артыкула 304 («Парушэнне правілаў пажарнай бяспекі», да сямі гадоў пазбаўлення волі).

Характэрна, што падчас першапачатковых следчых дзеянняў была ўсталяваная датычнасць да трагедыі яшчэ аднаго кіраўніка СТАА «Пінскдрэў-ДСП», па загадзе якога ў гэтым вытворчым падраздзяленні «прыкладна за тыдзень да падзей быў адключаны насценны вентылятар». Аднак гэты чалавек і сам стаў ахвярай пажару, памёр у шпіталі 1 лістапада.

Паводле звестак Naviny.by, Уладзімір Шастакоў віны не прызнаў, а Леанід Логвін і Ігар Логвін прызналі віну часткова.

Галоўным жа фігурантам гэтай гучнай справы павінен быў стаць былы гендырэктар ЗАТ «ХК «Пінскдрэў» Ларан Арыніч.
Увесну мінулага года следчы Генеральнай пракуратуры афіцыйна апавясціў яго пра тое, што ў дачыненні да яго распачатая крымінальная справа па падазрэнні ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Аднак мера стрымання да яго не ўжывалася, і Арыніч з’ехаў за мяжу нібыта на лячэнне. Больш яго ў Беларусі не бачылі. Крымінальную справу ў дачыненні да былога гендырэктара выдзелілі ў асобную вытворчасць. З 23 жніўня 2011 г. ён знаходзіцца ў вышуку, а 22 верасня вынесеная пастанова аб меры стрымання ў выглядзе ўтрымання яго пад вартай.

Да цяперашняга часу ў судзе заслуханыя паказанні абвінавачаных і пацярпелых. Цяпер ідуць допыты сведак, якіх у справе больш за 80 чалавек.

Суду ў гэтай драматычнай гісторыі, супастаўнай па колькасці ахвяр з тэрактам у мінскім метро, трэба будзе не толькі вызначыць ступень віны абвінавачаных, але і назваць прычыны вытворчай трагедыі. Дакладней, пацвердзіць або абвергнуць раней зробленыя высновы шматлікіх правяральнікаў, якія, як у нас водзіцца, дзейнічаюць жорстка толькі постфактум.

Ужо праз тыдзень пасля выбуху Генпракуратура праінфармавала кіраўніка ўрада, што аб’ёмны выбух на прадпрыемстве адбыўся «з прычыны дапушчаных парушэнняў вытворча-тэхнічнай дысцыпліны, правіл бяспекі на выбухованебяспечным прадпрыемстве». Пракурорская праверка выявіла абуральныя факты, якія папярэднічалі трагедыі: «На дадзеным прадпрыемстве неаднаразова (у студзені, лютым, сакавіку, траўні, чэрвені і ліпені 2010) адзначаліся ўзгаранні і іскрэнні на адным з млыноў участка па вытворчасці драўняна-паліўных гранул, увесь час назіраўся павышаны ўзровень пылу». Паводле звестак Генпракуратуры, «патрабаванні па абсталяванні памяшканняў устаноўкамі аўтаматычнага пажаратушэння і аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі» не выконваліся з… 2000 года. Акрамя таго, «у СТАА „Пінскдрэў-ДСП“ самавольна, без адпаведных узгадненняў з санітарнай службай, пажарным наглядам, была ўсталяваная другая лінія па вытворчасці драўняна-паліўных гранул».

Больш жорсткія высновы ўтрымліваюцца ў дакладной запісцы Савета бяспекі № 21–05/116 ад 9 лістапада 2010, вытрымкі з якой апублікавала газета «Вячэрні Брэст».

Па сутнасці, праца міжведамаснай групы ў складзе кіраўнікоў і спецыялістаў Савета бяспекі, Генеральнай пракуратуры, КДБ, МНС, МУС, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны па высвятленні прычын і ўмоваў узнікнення выбуху ў СТАА «Пінскдрэў-ДСП» звялася да канстатацыі вядомых на «Пінскдрэве» фактаў, якія кіраўніцтва холдынгу за прахадную «не выпускала». І, як выявілася, да трагедыі шматлікім правяральнікам папросту не дазвалялі праводзіць праверкі на тэрыторыі завода. У дакладной запісцы Савета бяспекі гаворыцца:

«Л. С. Арыніч у асяроддзі сваіх калегаў і падначаленых характарызуецца як аўтарытарны кіраўнік. Нізкі ўзровень заработнай платы, прыцягненне работнікаў без іх згоды да працы ў непрацоўны час, у выхадныя і святочныя дні сфармавала негатыўнае стаўленне рабочых да кіраўніцтва ЗАТ „ХК“ Пінскдрэў». Так, сярэдняя заработная плата на ЗАТ «ХК «Пінскдрэў» за 9 месяцаў 2010 г. склала 1038 тыс. рублёў, генеральнага дырэктара Арыніча Л. С. — 18 854 тыс. рублёў, яго намеснікаў — 6 954 тыс. рублёў.

Ігнараванне кіраўніцтвам ЗАТ «Холдынгавая кампанія „Пінскдрэў“ прадпісанняў дзяржаўных кантралявальных органаў, у першую чаргу дзяржаўнага пажарнага нагляду, у значнай меры абумоўленае асабістай перакананасцю ў беспакаранасці ў сувязі з наяўнасцю уплывовых сувязяў у розных дзяржаўных органах як мясцовага, так і рэспубліканскага значэння. Л. С. Арыніч ні разу не прысутнічаў на паседжаннях Пінскага гарвыканкама, дзе разглядаліся пытанні стану аховы працы і пажарнай бяспекі на прадпрыемствах кіраванага ім акцыянернага таварыства».

Пацярпелыя і сваякі загінулых лічаць, што Арынічу невыпадкова ўдалося схавацца ад следства і суда.
Абураныя людзі накіравалі калектыўны зварот у Адміністрацыю прэзідэнта, Генеральную пракуратуру, Міністэрства ўнутраных справаў, Камітэт дзяржаўнай бяспекі і Камітэт дзяржаўнага кантролю з патрабаваннем знайсці і пакараць былога гендырэктара. Адзінае пакаранне, якое Арыніч ўжо панёс, — Пінскі гарсавет дэпутатаў пазбавіў яго звання ганаровага грамадзяніна Пінска.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула