БЕЛ Ł РУС

За год малы бізнес страціў больш за 80% актываў

28.12.2011 / 09:35

За год малы бізнес страціў больш за 80% актываў, заявіў на прэс-канферэнцыі ў Мінску 27 снежня старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і работадаўцаў Уладзімір Карагін.

2011 год быў вельмі цяжкім для бізнесу, адзначыў Карагін, хоць яшчэ ў сакавіку прадпрымальнікі папярэджвалі ўрад пра патэнцыяльныя наступствы непрадуманай фінансавай палітыкі: праблемы на валютным рынку, на спажывецкім.

Таксама, паводле слоў старшыні МССПіР, 2011 год прайшоў у барацьбе за паляпшэнне ўмоў вядзення бізнесу, выкананне пунктаў дырэктывы № 4 і Нацыянальнай платформы бізнесу.

«Многія ініцыятывы бізнесу, якія былі прапісаныя ў дырэктыве, тармазіліся. Чыноўнікаў задавальняла падрыхтоўка сырых нарматыўных актаў, і потым яны спрабавалі выдаць гэта за выкананне дырэктывы і хутка зрабіць справаздачу пра зробленае. Але бізнесу былі неабходныя рэальныя рашэнні, а не імітацыя дзейнасці», — заявіў Карагін. У цэлым план па рэалізацыі палажэнняў дырэктывы на гэты год «выкананы толькі на 40%», заявіў Карагін. Ён звярнуў увагу на тое, што далёка не ўсе нарматыўныя акты праходзілі экспертызу бізнес-супольнасці, хоць гэта запісана ў дырэктыве.

Шэраг праблемных пытанняў для бізнесу дагэтуль не вырашаны,
падкрэсліў Карагін. У прыватнасці, не створаны антыманапольны орган. «Чыноўнікі кажуць, што на гэта спатрэбіцца 10–15 гадоў. Мы не згодныя і ўпэўненыя, што гэта можна зрабіць за год-два», — заявіў старшыня саюза.

Не вырашаны і многія праблемы, якія перашкаджаюць развіццю прадпрымальніцтва. Каб паскорыць працэс, пры Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва плануецца стварыць аналітычны цэнтр па праблемах індывідуальнага прадпрымальніцтва. «Гэта дазволіць сістэмна і комплексна вырашаць праблемы ІП», — заявіў Карагін.

Ён перакананы, што наступны год таксама будзе цяжкім для беларускіх суб’ектаў гаспадарання. «Вядзенне бізнесу можна параўнаць з рашэннем ураўненняў з многімі невядомымі. Гэта будзе год павышаных рызыкаў, узмацнення няпэўнасці і цалкам новых умоў вядзення бізнесу, да якіх трэба адаптоўвацца», — лічыць кіраўнік саюза.

«Мы пачынаем працу ў АЭП эканамічна аслабленымі і неканкурэнтаздольнымі. І гэта сур’ёзны выклік для беларускага бізнесу, — сказаў Карагін. — Да нас прыйдзе актыўны сярэдні і малы бізнес, спекулятыўны бізнес, пачнуцца рэйдарскія захопы, і такія факты сёння ўжо ёсць. Вось у якіх умовах нам давядзецца працаваць».

Андрэй Кажамякін, БелаПАН.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула