БЕЛ Ł РУС

Femen-істка Шаўчэнка: Выкрадальнікаў цікавіла, хто аплачваў акцыю

21.12.2011 / 09:21

Прымусілі зняць ніжняе адзенне, збівалі палкамі. Усё гэта здымалі на відэа, расказвае яна.

У жывым эфіры Еўрарадыё актывістка арганізацыі Іна Шаўчэнка (на здымку ў цэнтры) расказала пра тое, што адбывалася з дзяўчатамі пасля выкрадання. Паводле словаў дзяўчыны, а 7-й вечара ўчора іх раптоўна схапілі людзі ў чорным на мінскім аўтавакзале «Усходні», калі яны чакалі на платформе аўтобус на Гомель. І гэта бачылі шматлікія сведкі.

У срэбным мікрааўтобусе з закрытымі вокнамі ў іх адабралі ўсе асабістыя рэчы, двое невядомых іх дапытвалі. Іх цікавіла, хто адправіў дзяўчат у Беларусь, «хто аплочваў акцыю», ці супрацоўнічаюць яны з беларускай апазіцыяй, каго ведаюць з беларускіх апазіцыянераў. Выкрадальнікі прадставіліся «міліцыяй», кажа Шаўчэнка. Аднак, калі дзяўчаты папрасілі іх адвесці ў аддзяленне, невядомыя адрэагавалі вельмі рэзка, сказалі, што яны будуць знаходзіцца столькі, колькі загадаюць.

Каля 6-й раніцы дзяўчат перавялі ў цёмны мікрааўтобус. Ім звязалі рукі пластыкавымі перавязкамі, рассадзілі на асобныя сядзенні, каля кожнай быў чалавек, які сачыў, каб не падымалі галаву. «Калі рухаліся, нас збівалі, нам пагражалі, казалі, што гэта апошнія гадзіны нашага жыцця. Што мы адкажам за ўсё, што зрабілі», — распавядае Шаўчэнка.

Прыкладна праз 4 гадзіны машына спынілася ў лесе. Іх вывелі, прымусілі зняць верхнюю вопратку, падняць плакаты з фашысцкай свастыкай, палівалі зялёнкай, Іне абрэзалі валасы. Пасля прымусілі зняць ніжняе адзенне, збівалі палкамі. Усё гэта здымалі на відэа.

«Пасля загадалі апрануцца, пагрузілі ў аўтобус і адвезлі да мяжы. Выкінулі з яго і сказалі, што мы можам пешшу дайсці дадому», — расказала актывістка.

Яны блукалі, пасля знайшлі вёску Бякі, людзі ім дапамаглі, далі тэлефон, каб патэлефанаваць сябрам.

«Але і там была небяспека, — кажа Іна. — Калі знаходзіліся ў аднаго жыхара пасёлка, які нам даў прытулак, нейкі малады чалавек прыйшоў, заляцаўся, спрабаваў нас згвалціць… Пасля міліцыянты прыехалі, сказалі, што выехаў консул, сабралі нас у аддзеленне. Адтуль павезлі ў бальніцу. Доктар зафіксаваў сляды ад пабояў, стрэсу. У міліцыі нас апыталі».

Актывісткі гавораць, што не маюць крыўды на беларусаў. Аднак яны адчулі, наколькі запалоханыя людзі ў Беларусі, наколькі яны адчуваюць неабароненымі.

Іна Шаўчэнка заявіла, што дзяўчаты не шкадуюць, што прыехалі ў Беларусь, хоць і давялося столькі перажыць. Паводле яе словаў, ужо рыхтуецца новая паездка ў Беларусь. «Спадзяемся, што і беларускі далучацца да нас, яны нас падтрымліваюць, але баяцца выходзіць», — кажа яна.

Нагадаем, што ўкраінак афіцыйна дэпартавалі з Беларусі. Хутка аформіць дакументы дапамаглі родныя, якія даслалі дыпламатам неабходныя дакументы і ўмяшальніцтва ўкраінскага боку. Каля гадзіны ночы трох актывістак вывезлі ва Украіну прадстаўнікі ўкраінскай амбасады ў Мінску.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула