БЕЛ Ł РУС

Магіляўчанкі выходзяць замуж за замежнікаў і даюць дзецям экзатычныя імёны

24.11.2011 / 12:05

Больш за 3000 параў распісаліся ў аддзеле ЗАГС Магілёўскага гарвыканкама за 11 месяцаў 2011.
«Характэрны той факт, што магіляўчанкі пачалі часцей выходзіць замуж за замежнікаў, — расказвае начальнік аддзела ЗАГС Алена Казлова. — Без перабольшання скажу, што жаніхі едуць па нашых нявестаў з усіх канцоў Зямлі: з Італіі, Францыі, Індыі, Пакістана, Японіі, Гватэмалы, Бразіліі, Турцыі. Акрамя масы ўражанняў магіляўчанкі прывозяць з летняга адпачынку жаніхоў».

У такіх інтэрнацыянальных сем’ях дзеці атрымліваюць экзатычныя імёны. Напрыклад, у гэтым годзе супрацоўнікі ЗАГСа рэгістравалі з’яўленне на свет хлопчыкаў з імёнамі Ярамір, Рафаэль, Кыванч, Мішэль, Роберт, Ільяс, Себасцьян. Дзяўчынкі таксама атрымалі рэдкія імёны: Бажэна, Гертруда, Евангеліна, Ева-Эджрын, Цвятана, Ульяна Патрысія. Дарэчы, верхнія радкі папулярных імёнаў у магілёўцаў другі год запар трымаюць Арцём, Іван, Дар’я, Паліна і Анастасія. Таксама стала «модным» называць хлопчыкаў Максімамі.

Усяго за 11 месяцаў 2011 года ў Магілёве нарадзілася 3659 дзяцей — на сотню больш, чым за такі ж перыяд мінулага года. Алена Казлова адзначае, што непаўнагадовых маці сёлета стала на траціну менш, чым у мінулым. Самай маладой нявестай стала 16-гадовая магіляўчанка, а самым маладым жаніхом — 17-гадовы хлопец. Самай старэйшай нявесце на момант заключэння шлюбу было 79 гадоў 3 месяцы і 20 дзён, а самаму старэйшаму жаніху — 86 гадоў 9 месяцаў і 30 дзён.

Самая вялікая розніца ва ўзросце паміж жаніхом і нявестай, дзе жаніх быў старэйшы, — 30 гадоў, а ў парах, дзе старэйшая нявеста, — 21 год. Самым папулярным днём шлюбу ў гэтым годзе стаў 11 лістапада. У пятніцу, якая прыпала на «магічную» дату 11.11.11, у аддзеле ЗАГС распісаліся 60 параў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула