БЕЛ Ł РУС

Анатоль Івашчанка. маЛітва

11.10.2011 / 09:24

...у Вільні не рохкаюць свінні, за Мінскас мы ставім мінус...

маЛітва

Калі ўдача цябе пакіне,
і жана дарагая, і дочкі,
за гарой застанецца Вільня,
за гарою прачнешся аднойчы…
Таццяна Сапач


за вокнамі мулкі вечар
і стома сядае на плечы
і снежаньская халадэча
і ў сэрцы зеўрыць пустэча
далонь на касцельных парэнчах
пад лаваю нечыя рэчы
і чысты позірк хлапечы
і свечы
свечы трапечуць

ля гэтых старэнькіх парэнчаў
ты раптам ціха укленчыш
у сэрцы зіма й халадэча
вусны бязгучна енчаць

«О, Літва, — мая малітва,
О, Вільня, — мая багіня,
О, Вільня, — мая вайна…
Тут кажуць Вільнюс і Мінскас,
тут Вітаўтас і Гедымінас
і ў барасах танны гінэс
Ты, Вільня, — мая віна?»

(зрабіўшы па барасах шпацыр
у свеце інакшым убачыў
усё і крыху перайначыў
паэт свайго верша фінал)

о, Вільня, — мая багіня
ты, Рыга, — мая вярыга,
Заслаўе — маё зласлоўе
Стакгольм — мой адвечны боль

Гародня глядзіць гаротна
у Вільні не рохкаюць свінні
за Мінскас мы ставім мінус
паўзе пакрысе мяжа
у Мінску мая прапіска
у Менску — мая душа

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула