БЕЛ Ł РУС

Невядомыя моманты 19 снежня: магла паўтарыцца трагедыя на Нямізе +відэа

19.01.2011 / 11:55

Раман Асанчук, Мінск

з пошты Рэдакцыі

Добры дзень!

Я хацеў бы сказаць некалькі словаў пра падзеі 19 снежня. Я прысутнічаў на плошчы Незалежнасці. І ў момант, калі міліцыя рассекла дэманстрантаў на дзве часткі, я апынуўся ў той групе, якая бліжэйшая да Дома ўрада. Фактычна, мы апынуліся ў замкнёнай прасторы. Я хачу расказаць пра дзве рэчы.

Па-першае, чамусьці мала ўзгадваюць пра ўжытыя міліцыяй спецсродкі.

І другое:

натоўп людзей, адсечаны спецназам, пачаў прарывацца на саму плошчу, з натуральным жаданнем вырвацца на волю са сваёй «пасткі». Людзі (каля ста чалавек) сталі ціснуць на ачапленне. Утварылася жорсткая цісканіна. Я аказаўся ў цэнтры яе. Каля мяне людзі сталі падаць, бо пад намі акурат былі прыступкі, слізка. Нас сталі таптаць тыя, хто быў за намі. Я ўпаў на нейкіх дзяўчат, заднія тапталі мяне. Людзі рэальна маглі загінуць.
Гэта было, можа, за якіх 3–5 метраў ад байцоў спецназу (мы былі не ў першых шэрагах).

На мой погляд, спецназаўцы разумелі, што адбываецца. Тым больш, што мы дзіка крычалі, што пад нагамі — людзі. Але яны не разарвалі ачаплення. Загад трымаць лінію быў важнейшы за рызыку згубіць людзей.

Але, мусіць, спрацаваў «інстынкт Нямігі». Самі ж людзі сталі дзіка крычаць: «душым сваіх жа!», «назад!» і інш. І паступова хваля хлынула назад. Адным словам, так я нарадзіўся яшчэ раз.

Тады людзі пабеглі да іншага краю гэтай замкнёнай пляцоўкі, жадаючы выбегчы справа ад помніка Леніна, з надзеяй, што там няма ачаплення.

І вось тут я адчуў газ. Ніякага паху. Толькі сухасць у роце і носе, здаецца, што задыхаешся. Ад гэтага і ад таго, што знаходзішся «ў пастцы» — панічны страх. Ну, думаю, зараз як тых мышанят на макавым полі — пазбіраюць і раскладуць па паліцах… Ад гэтага магла зноў узнікнуць паніка.

Але, калі я выбег на саму плошчу (ачаплення справа насамрэч не аказалася), гэта ўсё мінула.

Відаць, у цэнтры плошчы газу не было. Можа таму пра гэта так мала пісалі.

Дай Бог, каб такое болей не паўтарылася і каб у людзей прыбавілася розуму пасля таго, што адбылося.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула