БЕЛ Ł РУС

Польшча не будзе фінансаваць закупку зброі ЗША для Украіны праз выдаткі на ўласную абарону

14.11.2026 / 17:09

Nashaniva.com

«У нас высокі дэфіцыт, мы шмат трацім на абарону», — сказаў Дональд Туск.

Дональд Туск. Фота: Beata Zawrzel / NurPhoto via Getty Images

Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што з-за высокіх выдаткаў на ўласную абарону краіна пакуль не будзе вылучаць сродкі на закупку амерыканскай зброі для Украіны ў межах праекта PURL, паведамляе «Еўрапейская праўда».

Паводле слоў Туска, ён паведаміў генеральнаму сакратару НАТА Марку Рутэ, што Польшча пакуль не будзе ўдзельнічаць у фінансаванні ініцыятывы PURL.

«Я сказаў спадару генеральнаму сакратару, што пакуль мы не будзем вылучаць сродкі на праект PURL, у межах якога еўрапейцы выдзяляюць грошы на амерыканскую зброю для Украіны, паколькі мы вельмі шмат трацім на ўласнае ўзбраенне», — сказаў Туск на брыфінгу для прэсы пасля нефармальнага саміту лідараў ЕС у Дубліне.

«Мы вельмі сур'ёзна дапамагалі і дапамагаем Украіне. У нас высокі дэфіцыт, мы шмат трацім на абарону. Таму я паведаміў, што з пункту гледжання фінансавых магчымасцей Польшча больш не будзе ўносіць грошы, паколькі ў нас ёсць уласныя выдаткі, звязаныя з бяспекай, якія, мабыць, з'яўляюцца аднымі з найвышэйшых у Еўропе», — дадаў кіраўнік урада Польшчы.

30 кастрычніка прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Георгій Ціхі пацвердзіў інфармацыю пра тое, што Польшча рыхтуецца перадаць Украіне два знішчальнікі МіГ-29 савецкай вытворчасці.

У адказ Украіна пагадзілася даць Польшчы тэхналогіі для барацьбы з дронамі.

10 лістапада Украіна і Польшча падпісалі пагадненне аб стварэнні сумесных рабочых груп па пытаннях тэхналогій беспілотных лятальных апаратаў і процідзеяння дронам.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула