«Сказалі, што і трубку дамафонную забяруць». У беларуса, які з'ехаў у Польшчу, цяпер забіраюць маёмасць
Дзмітрый Баніт з’ехаў з Беларусі ў Польшчу ў снежні 2020 года, пасля таго як супраць яго завялі крымінальную справу з-за каментарыяў у інтэрнэце. Вясной 2026 года яго завочна прысудзілі да шасці гадоў калоніі, штрафу і ўключылі ў «спіс тэрарыстаў». Яшчэ да суда на маёмасць беларуса наклалі арышт.
Цяпер у яго забіраюць кватэру і дачу, а ў былой жонкі і дачкі выносяць рэчы з дома. Пра тое, як завочны прысуд адбіўся на яго сям'і, Дзмітрый распавёў Most.
Да 2020 года Дзмітрый жыў у Баранавічах. Ён падтрымаў пратэсты, удзельнічаў у маршах і пакідаў каментары. Крымінальную справу ў дачыненні да беларуса завялі восенню 2020 года. У тым жа годзе ён і пакінуў Беларусь.
Пакуль ішло следства, сілавікі, па словах Дзмітрыя, перыядычна прыходзілі да яго бацькоў. Аднойчы яму патэлефанавалі з тэлефона дачкі. Тэлефанаваў сілавік.
— Пагражалі, што дастануць мяне і ў Польшчы, што знойдуць у лесапаласе, у канаўцы, — распавядае мужчына.
За тыдзень да суда да яго маці зноў прыходзілі.
— Яны казалі ёй, маўляў, хай ваш Дзіма вяртаецца. Хто вяртаецца, тых памілуюць, атрымае якую-небудзь «хімію». Я ёй кажу: «Мама, ну каму ты верыш? Якая «хімія»? — успамінае Дзмітрый.
У выніку Брэсцкі абласны суд прыгаварыў Дзмітрыя Баніта да шасці гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 130 (распальванне варожасці), арт. 188 (паклёп), ч. 3 арт. 203‑1 (незаконныя дзеянні з персанальнымі дадзенымі), арт. 364 (гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады).
Суд таксама пазбавіў Дзмітрыя воінскага звання малодшага сяржанта запасу (яго ён атрымаў пасля дэмабілізацыі ў арміі) і прызначыў штраф 1000 базавых велічынь (каля 45 тыс. рублёў). У красавіку КДБ уключыў Дзмітрыя ў пералік асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці.
«І трубку дамафонную забяруць»
Калі Дзмітрый з'язджаў з Беларусі, па дакументах у яго ўласнасці лічыліся дзве кватэры і лецішча. Некалькі гадоў таму, ужо будучы ў вымушанай эміграцыі, ён разышоўся з былой жонкай. Двухпакаёвую кватэру пакінуў ёй і дачцэ, а аднапакаёвая кватэра ў Баранавічах і лецішча засталіся Дзмітрыю. У кватэры жыве (хаця і не прапісаны) брат Дзмітрыя.
— Цяпер на ўсё маё маёмасць наклалі арышт. Нядаўна патэлефанавалі маме і сказалі вызваляць кватэру. Я так разумею, зараз яе забяруць і на аўкцыён будуць выстаўляць, — кажа Дзмітрый.
Маёмасць, якая засталася пасля разводу былой жонцы і дачцэ, таксама апынулася пад арыштам яшчэ ў 2020 годзе.
Па словах Дзмітрыя, каля паўтары месяца таму ў іх забралі мікрахвалёўку, пыласос, прас, хатні тэлефон, два крэслы і электрагітару Дзмітрыя.
— Нядаўна зноў прыходзілі да былой жонкі, у пакоі дачкі сфатаграфавалі шафу-купэ. Сказалі: выкладзем на «Куфар», калі знойдзецца пакупнік, прыйдзем, разбяром яго, забярэм, — распавядае мужчына.
Па яго словах, пакупнік знайшоўся. Паўтары тыдні таму дачка паведаміла яму, што шафу ўжо збіраюцца вывозіць.
— Сказалі, што і трубку дамафонную забяруць. Дачка кажа, мама ўжо на яе месца новую трубку купіла. Мяне здзіўляе, колькі ж там штрафаў. Можа, акрамя гэтага, ёсць яшчэ якія-небудзь, пра якія я не ведаю. Колькі ж адбіраць усяго можна? — не стрымлівае эмоцый Дзмітрый.