БЕЛ Ł РУС

Віцебскі вядучы пажартаваў на закрытым мерапрыемстве. Праз дзве гадзіны да яго прыехала міліцыя праз данос

5.11.2026 / 10:24

Арына Жураўская

Нехта з 50 удзельнікаў івэнта адправіў у чат-бот міліцыі відэа з выступам Віталя Савельева і напісаў, быццам ён жартаваў на палітычныя тэмы.

Віталь Савельеў. Скрыншот відэа ў тыктоку

Пра абуральны выпадак віцебскі вядучы Віталь Савельеў распавёў у тыктоку.

Па словах мужчыны, штогод напрыканцы вясельнага сезона вядучыя праводзяць «Сэйшн» — мерапрыемства, на якім збіраюцца тыя, хто працуе ў індустрыі, каб адсвяткаваць канец вясельнага марафону.

«Традыцыйна на такім мерапрыемстве мы робім «прасмажку» — гэта фармат жорсткіх жартаў адно пра аднаго. Увесь час усе смяёмся, прыкалваемся, часам нават даволі грубавата жартуем. Але гэта заўсёды ўспрымалася і ўспрымаецца з гумарам. Дакладней, успрымалася да ўчорашняга дня», — кажа Віталь.

Мужчына жорстка жартаваў пра калегу, якога не было на мерапрыемстве.

Праз дзве гадзіны пасля выступу да Віталя прыехалі сілавікі і папрасілі даць тлумачэнне наконт тых жартаў.

Віталь прызнаецца, што да апошняга быў упэўнены: прыезд міліцыі — гэта розыгрыш ад калег. Але высветлілася, што ўсё сур'ёзна: міліцыянеры паказалі паведамленне ад ананіма, якое атрымалі ў свой бот у тэлеграме. Нехта даслаў запіс выступу Савельева і напісаў, што той на мерапрыемстве дапускаў абразлівыя выказванні палітычнага характару.

Такая заява Віталя моцна здзівіла. Ён сцвярджае, што і слова пра палітыку не сказаў.

«Было больш за 50 чалавек у залі, якія, калі даведаліся пра ўсю гэтую гісторыю, што прыязджаў нарад і мы пісалі пратакол, тлумачэнні, былі ў шоку. Сітуацыя настолькі сюррэалістычная, што сапраўды не хацелася ў гэта верыць».

Вядучы кажа, што можа было б і пасмяяцца з гісторыі, калі не б абвінавачванне ў нейкіх палітычных жартах. 

Ён стэлефанаваўся з чалавекам, пра якога жартаваў — той сцвярджае, што не пісаў у чат-бот МУС. Віталь схільны верыць, што той сапраўды ні пры чым. 

«У чым сэнс гісторыі? У тым, што, сябры мае, часам нават не ведаеш, што той, хто табе пасміхаецца ў твар, у кішэні ў тэлефоне ўжо піша заяву на цябе».

Віталь прызнаецца, што моцна расчараваны, але жадання высвятляць, хто на яго данёс, у яго няма. Ён лічыць свае жарты бяскрыўднымі і далёкімі ад палітычных тэм, бо жартавалі выключна пра калег-сяброў і працу.

Чытайце таксама:

«Праваслаўныя актывісты» данеслі на Макса Каржа ў Генпракуратуру Расіі з-за радкоў «И не нужна война, не нужна она»

У 2020 годзе ябацька Аміна «актыўна галасавала» за Лукашэнку. А цяпер не разумее, чаму родная маці на яе данесла, а міліцыя затрымала

З БМЗ «прыніжальна» звольнілі супрацоўніцу, якая рабіла данос у 2020 годзе

Каментары да артыкула