БЕЛ Ł РУС

У Разані пасля атакі дронаў гарыць НПЗ, які забяспечвае палівам Маскву

5.11.2026 / 08:46

Nashaniva.com

Мясцовыя расійскія ўлады паведамілі пра ўзгаранні на прамысловых аб’ектах, а таксама перабоі з электрычнасцю. 

У ноч на 5 лістапада ў Разанскай вобласці адбылася атака беспілотнікаў. Мясцовыя жыхары паведамлялі пра шматлікія выбухі, працу супрацьпаветранай абароны і гукі дронаў.

Выданне ASTRA па адкрытых звестках вызначыла, што гарыць менавіта Разанскі нафтаперапрацоўчы завод.

Гэта адно з найбуйнейшых нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў Расіі, якое ўваходзіць у «Раснафту». Яго магутнасць — каля 17—18 мільёнаў тон нафты за год. Завод выпускае бензін, дызельнае паліва, авіяцыйную газу і іншыя нафтапрадукты, забяспечвае палівам Маскву і цэнтральныя рэгіёны Расіі.

Прадпрыемства таксама вырабляе паліва для расійскага войска. У прыватнасці, раней яно паведамляла пра распрацоўку бензіну з дадатковымі патрабаваннямі для вайсковай тэхнікі.

Губернатар вобласці Малкоў пацвердзіў масіраваную атаку дронаў, але канкрэтных прадпрыемстваў, дзе пачаліся пажары, не назваў.

«На тэрыторыі прамысловых аб’ектаў у Разані адбыліся ўзгаранні. Пашкоджаныя лініі электраперадачы, у частцы горада назіраюцца перабоі з электразабеспячэннем», — напісаў ён.

Паводле губернатара, адзін чалавек атрымаў раненні. 

Акрамя таго, мясцовыя жыхары паведамляюць пра пажар у лагістычным цэнтры Wildberries каля Разані. Гэта інфармацыя пакуль не пацверджаная.

Разанскі НПЗ ужо трапляў пад атакі дронаў. Пасля налёту 15 кастрычніка там пачаўся пажар і спынілася асноўная ўстаноўка першаснай перапрацоўкі нафты.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула