На таргі за даўгі заснавальніка «Новага зроку» выставілі дамы, якімі афіцыйна валодаюць іншыя людзі
Два дамы ў вёсцы Харытонава Стаўбцоўскага раёна прадаюць з аўкцыёну, пазначыўшы даўжніком заснавальніка «Новага зроку» Алега Каўрыгіна. Пры гэтым нерухомасць зарэгістраваная на іншых людзей. Бізнэсмен патлумачыў «Нашай Ніве», каму яна належыць.
Алег Каўрыгін. Фота: «Наша Ніва»
На аўкцыён выставілі адразу два арыштаваныя дамы ў вёсцы Харытонава Стаўбцоўскага раёна.
Аб’явы пра аўкцыёны на сайце «БелЮрЗабеспячэння» заўважыла «Люстэрка». У абедзвюх ёсць пазнака: «Маёмасць зарэгістраваная за трэцяй асобай»
Бярвеністы дом плошчай 115,6 квадратнага метра ацанілі ў 882 тысячы рублёў. Ён стаіць на ўчастку ў 25 сотак, дзе таксама ёсць гараж, лазня і некалькі летніх кухняў.
Другі дом — двухпавярховы, плошчай 112,6 квадратнага метра. Яго стартавая цана — 504 тысячы рублёў. На ўчастку амаль у 25 сотак ёсць гараж і хлеў.
Паводле Каўрыгіна, бярвеністы дом — уласнасць ягонай дачкі, а другі пабудавала былая жонка ўжо пасля разводу.
Гэта два розныя ўчасткі і два розныя дамы, тлумачыць Каўрыгін.
Першы, бярвеністы, належаў яго маці, яна там жыла апошнія гады, там яна і памерла. Цяпер дом належыць дачцэ Каўрыгіна — бабуля падарыла яго менавіта ёй.
Другі дом, паводле бізнэсмена, належыць яго былой жонцы Наталлі.
«Яна пабудавала яго пасля разводу. Усе пра гэта ведаюць», — адзначыў бізнэсмен. Ён дадаў, што з 2010 года не жыў у Беларусі, а маёмасць арыштавалі ў 2023-м.
У лютым 2023 года сілавікі прыйшлі ў сетку медцэнтраў «Новы зрок», Следчы камітэт арыштаваў маёмасць кампаніі. Тады ж пад арышт трапіў дом дачкі Каўрыгіна.
У лістападзе 2024 года бізнэсмена завочна асудзілі на 12 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і прызначылі штраф у 400 тысяч рублёў. Суд таксама пастанавіў спагнаць з яго больш за 3 мільёны рублёў падатку на прыбытак, які, паводле абвінавачання, ён не заплаціў.
Пазней Генпракуратура падала грамадзянскі пазоў аб спагнанні 3,43 мільёна рублёў шкоды, нібыта нанесенай дзяржаве. На этапе прымусовага выканання сума доўгу вырасла да 3,82 мільёна. Былая жонка Каўрыгіна даведалася пра гэта ўвосень 2025 года ў судзе, калі спрабавала зняць арышт з маёмасці непаўналетняй дачкі.