Перавыдалі знакаміты раман Элізы Ажэшкі «Над Нёманам»
Выдавецтва «Папуры» перавыдала класічны раман Элізы Ажэшкі «Над Нёманам» у перакладзе былога міністра культуры Анатоля Бутэвіча, піша bellit.info.
У творы ўзнімаюцца тэмы маральнай адказнасці і ўмення чалавека жыць у згодзе з прыродай і са сваім сумленнем, вернасці роднай зямлі і бацькоўскаму дому, кахання і праблемы пакаленняў.
«Маладая шляхцянка Юстына жыве ў маёнтку свайго дзядзькі, заможнага пана Карчыньскага. Аднак багацце і цяплічныя ўмовы не радуюць яе. Пасля няшчаснага кахання дзяўчына шукае суцяшэння ў прыгажосці мясцовай прыроды і гадзінамі блукае па берагах Нёмана і навакольных палях. Падчас аднаго з такіх шпацыраў яна сустракае беднага шляхціца Яна Багатыровіча, якога ейныя сваякі пагардліва лічаць селянінам. Хлопец знаёміць Юстыну са сваёй сям’ёй і гісторыяй роду Багатыровічаў, і гэта адкрывае новую старонку ў жыцці паненкі», — гаворыцца ў анатацыі.
У канцы кнігі змешчаныя каментарыі і заўвагі перакладчыка.
Новае выданне «Над Нёманам» Элізы Ажэшкі можна купіць у кнігарні «Параграф 45», у «Акадэмічнай кнізе», а таксама замовіць праз маркетплэйсы, напрыклад, праз Oz.by.