БЕЛ Ł РУС

У Расіі гарыць адзін з найбуйнейшых НПЗ

1.11.2026 / 09:00

Nashaniva.com

Ноччу на 1 лістапада атакаваны нафтаперапрацоўчы завод «Лукойла» ў Кстове Ніжагародскай вобласці. Паведамляецца пра пажар адразу ў некалькіх месцах.

Кадры маштабнага пажару ў Кстове пачалі распаўсюджвацца ў сацсетках каля 4 ранку. Мясцовыя жыхары паведамлялі пра выбухі, а маніторынгавыя каналы — пра ўдар па НПЗ, пасля якога на прадпрыемстве ўзніклі некалькі ачагоў пажару.

Паводле маніторынгавых каналаў, завод атакавалі беспілотнікі, якія здолелі пераадолець расійскую супрацьпаветраную абарону.

Канал Exilenova+ таксама паведаміў пра магчымую атаку на цеплаэлектрацэнтраль у Кстове. Яна забяспечвае энергіяй мясцовую прамысловасць, у тым ліку прадпрыемствы нафтахімічнага комплексу.

Губернатар Ніжагародскай вобласці Глеб Нікіцін паведаміў пра атаку і значныя пашкоджанні прамысловага прадпрыемства ў Кстоўскім раёне, але не назваў яго. Паводле яго папярэдніх звестак, пацярпелых няма. Ён таксама заявіў пра знішчэнне больш як сотні дронаў і папярэдзіў пра магчымыя перабоі з электрычнасцю, гарачай вадой і ацяпленнем падчас аднаўленчых работ.

«Лукойл-Ніжагароднафтааргсінтэз» — адзін з найбуйнейшых нафтаперапрацоўчых заводаў Расіі. Яго праектная магутнасць складае каля 17 мільёнаў тон нафты за год. Па гэтым паказчыку прадпрыемства займае чацвёртае месца сярод расійскіх НПЗ, а па аб’ёме вытворчасці аўтамабільнага бензіну — другое.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула