БЕЛ Ł РУС

У нямецкім горадзе паставілі велізарнага сатану. Шмат каму гэта не спадабалася

30.10.2026 / 14:51

Nashaniva.com

У Эслінгене-на-Некары разгарэўся скандал: у цэнтры горада, проста насупраць ратушы, усталявалі 2,5‑метровую бронзавую фігуру пад назвай «Цыбульны чорт».

Фота: Christoph Schmidt/picture alliance via Getty Image

Скульптура вагой 400 кілаграмаў каштавала 200 тысяч еўра. Праўда, самому гораду плаціць не давялося: гэта падарунак ад мясцовай вінаробні да 1250‑годдзя Эслінгена, піша DW.

За выявай чорта стаіць цэлая гісторыя. Паводле падання, даўным-даўно ён прыйшоў на мясцовы рынак пад выглядам знатнага пана і захацеў купіць яблык. Аднак хітрая гандлярка распазнала нячыстую сілу і падсунула яму цыбуліну. Адкусіўшы яе, д'ябал завыў ад агіды, пракляў гараджан, назваўшы іх цыбуляедамі (Zwieblinger), і назаўсёды ўцёк у суседні Штутгарт.

А вось мянушка засталася і на стагоддзі замацавалася за жыхарамі Эслінгена. Да нядаўняга часу тут штогод праводзілі цыбульнае свята — у гонар кемлівасці гандляркі.

Улады Эслінгена-на-Некары з радасцю прынялі бронзавага чорта. Обербургамістр мяркуе, што такі сімвал будзе лішні раз нагадваць пра тое, што мясцовых жыхароў заўсёды было няпроста перамагчы.

Але сатана спадабаўся не ўсім. Праціўнікі помніка запусцілі анлайн-петыцыю з патрабаваннем неадкладна дэмантаваць статую. Пад ёй ужо некалькі тысяч подпісаў.

Нядаўна нехта абліў скульптуру чорнай фарбай, а на адрас обербургамістра пачалі паступаць пагрозы.

«Канец свету блізкі! Замест таго каб праслаўляць Бога, у цэнтры горада ставяць помнік сатане. Гэта ганьба і праклён на нашы галовы!» — пішуць у сацыяльных сетках.

Іншыя мяркуюць, што гэта частка гарадской ідэнтычнасці, трэція заступаюцца за кемлівую гандлярку — маўляў, лепш бы ў бронзе ўвекавечылі яе.

Прадстаўнікі Евангелічнай царквы паспяшаліся запэўніць, што бронзавы сатана не нясе пагрозы хрысціянскай веры, і заклікалі гараджан да разважлівасці.

«Не варта памылкова блытаць біблейскага Сатану з камічным персанажам з народнага фальклору, дзе д'ябал паказаны дурнем, які пацярпеў паразу», — заявіў упаўнаважаны па пытаннях светапогляду пры Евангелічнай царкве Андрэас Ользэ.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула