На аўтабане ў Германіі ў беларускай фуры лопнула шына — пашкоджаны 12 аўтамабіляў
Шкоду ацэньваюць прыкладна на 50 тысяч еўра.
Фота: kurier.de
На аўтабане A9 у Баварыі ў фуры, якой кіраваў вадзіцель з Беларусі, лопнула шына паўпрычэпа. Пра гэта паведамляе выданне Nordbayerischer Kurier са спасылкай на прэс-рэліз паліцыі.
Здарэнне адбылося ў чацвер, 29 кастрычніка, каля 19:15. Беларус ехаў у бок Берліна.
Абрыўкі шыны раскідала па ўсіх трох палосах руху. Па іх праехалі яшчэ адзінаццаць машын, сярод якіх адна грузавая. Такім чынам, усяго пашкоджанымі аказаліся 12 транспартных сродкаў.
Патрулі дарожнай службы ненадоўга перакрылі рух у бок Берліна. Пасля таго як рэшткі шыны прыбралі з праезнай часткі, аўтамабілі, якія маглі ехаць самі, вывелі з аўтабана ў суправаджэнні паліцыі. Астатнія машыны давялося эвакуяваць.
Ніхто не пацярпеў. Агульную шкоду паліцыя ацэньвае прыкладна ў 50 тысяч еўра.