БЕЛ Ł РУС

Андрэй Пачобут вяртаецца ў Беларусь на пастаяннае жыхарства ў снежні

27.10.2026 / 08:50

Nashaniva.com

«Мне нельга мець мабільны тэлефон. Як экстрэміст і тэрарыст я не магу ім валодаць, — распавёў ён.

Фота: Lookby.Media

Андрэй Пачобут у размове з выданнем «Rzeczpospolita» паведаміў, што ў снежні вернецца ў Беларусь. Журналіст таксама расказаў пра візіт беларускага міліцыянера да яго дадому ў Гродне, калі ён прыязджаў у краіну ў верасні, піша Reform.news.

Ён заявіў, што мае намер застацца ў Беларусі назаўсёды.

«Такое рашэнне было з самага пачатку. Я ўвесь час пра гэта кажу. У снежні вяртаюся ў Беларусь, — заявіў ён. — Вядома, сям’я хацела б, каб я застаўся ў Польшчы. Бацькі таксама. У той жа час яны разумеюць мае матывы і ведаюць, што ўжо такі я чалавек».

У размове Андрэй Пачобут расказаў пра сваю вераснёўскую паездку. Перш за ўсё ён адправіўся ў Гродна, дзе знаходзіцца яго дом.

«Знаёмых няма. Ніколі раней са мной не здаралася прайсці праз цэнтр горада і не сустрэць ніводнага знаёмага. А цяпер было менавіта так. Калі я нарэшце ўбачыў чалавека, якога ведаю, ён вельмі здзівіўся маёй прысутнасці. Я таксама здзівіўся, што сустрэў яго, бо ўжо паспеў прывыкнуць да таго, што знаёмых няма. Да гэтай пустаты», — расказаў ён.

Паводле яго слоў, «сёння прасцей сустрэць знаёмых з Гродна ці Мінска на вуліцы ў Беластоку, Варшаве і нават Вільні».

Пачобут таксама расказаў пра візіт прадстаўніка беларускіх сілавых структур у яго кватэру ў Гродне.

«Гэта было адразу пасля прыезду. Да нас у кватэру прыйшоў міліцыянер з уключаным відэарэгістратарам. Усё было афіцыйна. Дзе я працую, як доўга буду ў Беларусі. Я адказваў, што толькі прыехаў. Не хацеў адказваць на пытанні. Наогул у такіх сітуацыях я стараюся гаварыць як мага менш. Ён пайшоў, потым вярнуўся і сказаў, што я павінен з’явіцца ў чацвер у аддзяленне міліцыі. Спытаў, ці прыйду я. Я адказаў: «Вядома». Я чалавек, які паважае закон, насуперак таму, што ў іх напісана пра мяне ў паперах», — сказаў журналіст.

На наступны дзень яму патэлефанавалі і паведамілі, што прыходзіць у аддзяленне ўсё ж не трэба.

Журналіст таксама расказаў, што яму забаронена рабіць у Беларусі.

«Мне нельга мець мабільны тэлефон. Як экстрэміст і тэрарыст я не магу ім валодаць. Спачатку я пайшоў перааформіць на сябе стары нумар, які быў зарэгістраваны на жонку. Яго перааформілі, але пасля трох званкоў нумар перастаў працаваць. Я пайшоў высветліць сітуацыю і даведаўся, што не маю на яго права», — расказаў ён.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула